2015-04-30 13:31:00

Францішак: экуменізм – гэта не факультатыўная задача


30 красавіка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі членаў Змешанай міжнароднай англіканска-каталіцкай камісіі, пасяджэнне якой праходзіць у Рыме. У сваім звароце ён падкрэсліў, што еднасць паміж хрысціянамі не з’яўляецца неабавязковым патрабаваннем, а існуючыя падзелы не павінны ўспрымацца як непераадольныя.

Святы Айцец лічыць важным не апускаць рукі перад абліччам цяжкасцяў на шляху да еднасці і давяраць моцы Святога Духа. Ён перакананы, што свет тэрмінова патрабуе супольнага і радаснага сведчання ўсіх хрысціян у сферы абароны жыцця, спрыяння міру і справядлівасці.

Падчас ватыканскай аўдыенцыі Пантыфік падзяліўся, што ў хуткім часе будуць апублікаваны пяць супольных дэкларацый, падрыхтаваных у рамках другога этапу англіканска-каталіцкага дыялогу. Гэта, на яго думку, сведчыць аб развіцці працэсу збліжэння.

Папа нагадаў пра існаванне моцнай сувязі, якая ўжо зараз злучае ўсе канфесіі – гэта кроў мучанікаў, якія аддаюць жыццё за веру. Асаблівым чынам ён адзначыў прыклад Уганды, дзе ахвярамі рэлігійнага пераследу сталі як католікі, так і англікане.








All the contents on this site are copyrighted ©.