2015-04-30 10:52:00

Папа адправіў чарговага пасланніка ў Ірак


Кардынал Леанарда Сандры, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў накіруецца ў Ірак, каб прынесці мясцовым жыхарам благаслаўленне Папы і падтрымаць улады краіны ў намаганнях на карысць хрысціян і іншых рэлігійных меншасцяў. Візіт ватыканскага іерарха будзе працягвацца з 1 па 5 мая 2015 г.

Першым пуктам яго падарожжа стане Багдад. Тут пурпурат сустрэнецца з кіраўніком іракскай дзяржавы, дыпламатамі, мясцовым духавенствам, лідэрамі мусульманскай і іншых хрысціянскіх супольнасцяў, членамі экуменічнай катэхетычнай камісіі, бежанцамі, аб якіх клапоцяцца касцёльныя структуры. Тут ён будзе цэлебраваць літургію ў халдэйскім кафедральным саборы. Затым ён накіруецца ў Эрбіль, сталіцу Курдскай аўтаномнай акругі, і Анкаву, дзе пасяліліся шматлікія хрысціяне з Ніневійскай даліны, вымушаныя пакінуць родныя мясціны, захопленыя баевікамі так званай “Ісламкай дзяржавы”.

Разам з кардыналам Сандры іракскі Курдыстан наведаюць прадстаўнікі шэрагу каталіцкіх дабрачынных арганізацый, каб разам пазнаёміцца з патрэбамі людзей і прыняць рашэнне аб неабходнай дапамозе.

Папа Францішак ужо не ў першы раз адпраўляе сваіх пасланнікаў у Ірак. У жніўні 2014 г., а таксама сёлета на працягу Вялікага тыдня падтрымаць вернікаў гэтай блізкаўсходняй краіны, пакутуючай ад няспынных канфліктаў і тэрарызму, прыязджаў кардынал Фернанда Філоні, прэфект Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.