2015-04-30 12:33:00

Пантыфік аб рысах хрысціянскай тоеснасці


Хрысціянін заўсёды знаходзіцца перад выбарам: служыць іншым ці карыстацца імі, адзначыў папа Францішак 30 красавіка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У сваёй гаміліі Пантыфік пахіліўся над двума рысамі хрысціянскай тоеснасці. Першая – гэта гісторыя. Апосталы абвяшчалі Езуса Хрыста ў гісторыі народа, які крочыць праз стагоддзі ў напрамку сталасці, поўні часоў. Бог сам увайшоў у гэту гісторыю і ідзе разам з народам, часткай якога з’яўляецца кожны вернік, падкрэсліў Святы Айцец. Паводле Францішка гаворка ідзе пра гісторыю святых і грэшнікаў, гісторыю граху і ласкі. Яна здзяйсняецца таксама і ўнутры кожнага чалавека.

Другой рысай хрысціянскай тоеснасці Папа лічыць служэнне. “Езус абмыў ногі вучням, запрашаючы нас рабіць тое ж – служыць”, - нагадаў ён і дадаў, што “хрысціянская тоеснасць – гэта служэнне, а не эгаізм”. 

Мы ўсе схільныя да эгаізму, заўважыў Пантыфік, але з гэтым грахом трэба змагацца – прасіць Пана аб прабачэнні і навяртанні, дадаў ён. “Мы пакліканы да служэння. Быць хрысціянінам – гэта не толькі рабіць выгляд такога ці прадстаўляць сябе такім у грамадстве, крыху маскіраваць сваю душу, каб здавалася больш прыгожай. Быць хрысціянінам – азначае рабіць тое, што рабіў Езус – служыць”, - падкрэсліў Францішак. Ён заклікаў вернікаў да рахунку сумлення, галоўнае пытанне ў якім павінна гучаць так: я служу іншым ці карыстаюся імі?








All the contents on this site are copyrighted ©.