2015-04-29 16:28:00

Што хаваюць у сабе казкі Андэрсана?


Сёння мы перажываем адно з самых цудоўных святаў літургічнага года – Божае Нараджэнне. Напэўна, яно з’яўляецца самым любімым для большасці людзей, і не толькі веруючых. Яно зачароўвае сваёй таямнічасцю і прыгажосцю, нагадвае аб цеплыні сямейнага кола, агеньчыках, святочнай ёлцы, атаясамліваецца з пахам карыцы і мандарынаў, падарункамі і канешне ўспамінамі з дзяцінства. І вось у такі дзень як сёння, напэўна няма нічога лепшага чым узгадаць самы бесклапотны перыяд нашага жыцця, калі многае для нас здавалася адлюстраваннем казак, якія чыталі нам бацькі.

У тыя часы, калі большасць з нас былі яшчэ маленькімі, многія казачныя скарбы для нас былі схаваныя і аб іх багацці мы даведаліся толькі нядаўна. Такім скарбам з’яўляюцца творы вялікага дацкага казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсана. Вы спытаецеся: “Чаму ж гэты скарб быў для нас схаваным? Мы з задавальненнем чыталі казкі Андерсана”. А ці ведаеце, што ў савецкія часы, яго казкі падлягалі жорсткай цэнцузы. Справа ў тым, што амаль у кожнай з іх прысутнічала забароненая тэма, а менавіта – вера ў Бога. “Снежная каралева”, “Дзікія лебедзі”, “Русалачка” – усе гэтыя казкі мелі ў сабе рэлігійны сэнс і ў іх часта былі ўзгадкі пра Бога, Евангелле, анёлаў, святароў, а таксама шматлікіх хрысціянскіх каштоўнасцях. Аб гэтых казках мы пагаворым у сённяшняй праграме.

Напрыклад, у “савецкай” так бы мовіць версіі казкі “Снежная каралева” былі выкрэслены важныя словы, якія дазваляюць паглядзець на гэты твор з зусім іншага боку. На самой справе, гэта казка вельмі глыбока прасякнута рэлігійным зместам. У ёй вучні злобнага Троля, імкнуліся пасмяяцца не толькі над людзьмі, як напісана ў “савецкім” варыянце, але таксама над анёламі і Богам. Калі Кай і Герда гуляліся разам, дзяўчынка спявала хлопчыку біблійны псальм, у якім узгадвалася аб ружах. Кай, у сваю чаргу, падпяваў: “Ружы квітнеюць, хараство і краса, хутка ўбачым Дзіцятка Хрыста”. Далей Андэрсан пісаў: “Дзеці спявалі, узяўшыся за рукі, цалавалі ружы, глядзелі на яснае сонейка і размаўлялі з ім. Ім здавалася, што з Сонца на іх глядзеў сам Дзіцятка Хрыстус”. Канешне, гэтых словаў у цэнзураванай казцы не было. Калі санкі Кая імчаліся ў снежнае валадарства, ён так спужаўся, што хацеў памаліцца “Ойча наш”, але ў памяці ў яго вярцелася толькі табліца памнажэння, пісаў Андэрсан.

У іншым урыўку апавядаецца, пра тое, як Герда ішла праз снежную завіруху ў валадарства “Снежнай каралевы”. Калі Герда ўбачыла перад сабой страшэнныя снежныя камякі, падобныя на вялікіх пачварных яжоў, стогаловых змеяў і тоўстых мядзведзікаў з узлахмачанай шэрсцю, яна “пачала чытаць “Ойча наш”. Далей Андэрсан піша: “Было так холадна, што дыханне дзяўчынкі хутка ператваралася ў густы туман. Туман гэты ўсё больш згушчаўся і згушчаўся, і вось з яго пачалі выдзяляцца маленькія, светлыя анёлкі, якія, стаўшы на зямлю, вырасталі ў вялікіх грозных анёлаў са шлемамі на галовах і копьямі і шчытамі ў руках. Іх колькасць усё павялічвалася і павялічвалася, і калі Герда скончыла малітву, вакол яе ўтварыўся ўжо цэлы легіён. Анёлы узнялі снежных пачвараў на копьі, і тыя рассыпаліся на тысячы сняжынак. Герда магла цяпер смела ісці наперад; анёлы песцілі ёй рукі і ногі, і ёй не было ўжо так холадна. Нарэшце, дзяўчына дасягнула парогаў Снежнай каралевы”. Канешне ў цэнзураваным тэксце не было ніякага ўспаміну ні пра “Ойча наш” ні пра анёлаў.

Зняць чары з Кая Гердзе таксама дапамагла малітва, а менавіта псальм, які яна праспявала. Нарэшце заканчваецца казка сустрэчай з бабуляй, якая сядзела на сонейку і чытала Евангелле.

Андэрсан быў веруючым чалавекам і стараўся ўключаць у свае казкі каштоўныя аспекты хрысціянскага навучання. Напрыклад Русалачка марыла не толькі аб любові прынца, але і аб бессмяротнай чалавечай душы, якая жыве нават калі цела пераўтвараецца ў пыл. У казцы “Дзікія лебедзі” менавіта падтрымка Бога дапамагла Элізе вытрымаць цяжкія выпрабаванні і збавіць сваіх братоў. Акрамя таго, Эліза была не толькі самай прыгожай, але і самай пабожнай дзяўчынкай у краіне. У казцы “Балотны цар” галоўная гераіня змянілася пасля сустрэчы са святаром, а чары з яе ўпалі, калі яна прамовіла імя Езуса Хрыста.

Андэрсан маляваў сваіх персанажаў крухкімі і слабымі, але ў той жа час моцнымі самаахвяранай любоўю, адважнымі і рашучымі. Ён ведаў, што гэтыя якасці, нават у самых слабых фізічна людзях, нараджаюцца дзякуючы кантакту з Богам, які сам прыйшоў у свет у выглядзе бездапаможнага дзіцяці, у пячоры аднаго правінцыяльных гарадоў на ўскрайку магутнай Рымскай Імперыі. Казкі Андэрсана ўтрымоўваюць у сабе вялікая багацце і з’яўляюцца цудоўнай дапамогай для выхавання шляхетных якасцяў у дзяцей. Божае Нараджэнне, казачны час, чым не нагода па новаму перачытаць знаёмыя з дзяцінства гісторыі? 

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.