2015-04-29 16:18:00

Чаму католікам забаранялася ўдзельнічаць у палітыцы?


Вельмі часта ўзнікае пытанне ці можна ўдзельнічаць католікам у палітыцы, ці не? Многія прытрымліваюцца такога меркавання, што гэта брудная справа і лепш у яе не лезці. Але гэта вельмі памылковае ўяўленне. Хрысціяне павінны быць “соллю зямлі”, гэта значыць “навадаць смак” зямным справам, у тым ліку грамадскім і палітычным. Аб абавязку вернікаў удзельнічаць у палітычным жыцці шмат разоў казалі Пантыфікі, у тым ліку і наш сучасны папа Бэнэдыкт XVI. Але таксама ў гісторыі былі моманты, калі Папа забараняў католікам прымаць удзел у палітыцы. Чаму? Аб гэтым мы пагаворым у сённяшняй праграме.

У 1861 г. у Італіі праходзілі першыя парламенцкія выбары. Але незадоўга перад імі галоўны рэдактар газеты “L‘Armonia” кс. Джакама Маргоцці пачаў кампанію за тое, каб католікі ўстрымаліся ад удзелу ў іх, і, такім чынам, выразілі пратэст супраць палітыкі дзяржавы, якая імкнулася пазбавіць Папу свецкай улады, а Касцёл тэрыторый і маёмасці. Заклік кс. Маргоцці гучаў вельмі проста: “не выбіраць і не выбірацца”. Ён знаёшоў шмат прыхільнікаў сярод вялікай часткі італьянскага духавенства і свецкіх вернікаў і стаў формай пратэсту супраць новай італьянскай ліберальнай дзяржавы.

Прынцып “няўдзелу” у палітычным жыцці, прапанаваны кс. Маргоцці, некалькі разоў агучваўся рознымі ватыканскімі ўстановамі. 30 студзеня 1868 г. на пытанне пьемонцкіх біскупаў, ці дазволена католікам прымаць удзел у палітыцы, Святая Кангрэгацыя па незвычайных касцёльных справах адказала: “non expedit”, што можна ператлумачыць як  – “не карысна”. Затым, на працягу некалькіх дзесяцігодзяў гэта правіла паўтаралася рознымі іншымі ўстановамі Святога Пасаду. 9 лістапада 1870 г., ужо пасля таго, як італьянцы захапілі Рым і праводзілі агульныя выбары, Святая Пенітэнцыярыя паўтарыла заклік аб “некарыснасці” удзелу у іх католікам. У 1874 г. сам папа Пій IX паўтараў яго некалькі разоў у сваіх прамовах да вернікаў. У 1886 г., падсас пантыфікату Льва ХІІІ пазіцыя Касцёла адносна гэтага пытання была выражана формулай “non expedit prohibitionum importat” (“не карысна – значыць забаронена”).

Няўдзелам у палітычным жыцці краіны католікі выражалі пратэст супраць узурпацыі касцёльнай маёмасці, тэрыторый, пазбаўлення Папы свецкай улады і незалежнасці. Канешне, Касцёл не забараняў удзелу ў палітычным жыцці на ўсіх узроўнях. Напрыклад у адміністрацыйных выбарах італьянскім католікам удзельнічаць было дазволена. Таксама перыяд устрымання ад прамога ўдзелу ў палітыцы стаў свайго роду падрыхтоўкай і разважаннем аб ролі свецкіх у жыцці дзяржавы, якое вылілася ў фарміраванне шматлікіх каталіцкіх асацыяцый дабрачыннага і адукацынага характару.

На працягу першага трыццацігоддзя ХХ ст., у часы пантыфікатаў Пія Х, Бэнэдыкта XV і Пія ХІ, у адносінах Папаў да італьянскай палітыкі пачалося пацяпленне. Католікі пачалі паступова далучацца да некаторых палітычных сіл у краіне, пераважна для таго, каб не дазволіць прыйсці да ўлады прадстаўнікам сацыялістычных партый.

Знакам змены адносін Святога Пасаду да палітыкі стала энцыкліка Пія Х “Il fermo proposito”, апублікаваная ў 1905 г. У ёй Папа заклікаў католікаў як мага больш актыўна ўключыцца ў вывучэнне актуальных сацыяльных праблем. Хоць Пантыфік не адмяняў правіла аб “невыгоднасці” удзелу у палітыцы, тым не менш зрабіў шэраг выключэнняў, якія затым амаль кожны год памнажаліся. Так, некаторыя католікі змаглі быць абранымі ў парламент краіны, праўда не кажучы публічна аб сваёй веры.

У 1913 г. адбылося афіцыйнае вяртанне католікаў у палітычнае жыццё Італіі. З нагоды выбараў, паміж італьянскімі лібераламі і Каталіцкім італьянскім аб’яднаннем выбаршчыкаў было заключана пагадненне з мэтай разам супрацьстаяць прапановам па легалізацыі разводаў і бараніць свабоду бацькоў на выбар адукацыі для сваіх дзяцей.

У 1919 г. папа Бэнэдыкт XVI канчаткова і афіцыйна адмяніў правіла “non expedit”, якое фактычна ўжо не дзейнічала. Гэта дало магчымасць для стварэння Італьянскай народнай партыі – неканфесійнага, незалежнага ад касцёльнай іерархіі, але натхнёнага каталіцкімі прынцыпамі палітычнага аб’яднання, заснавальнікам якога стаў італьянскі святар кс. Луіджы Стурца.

Такім чынам, забарона на ўдзел католікаў у палітычным жыцці існававала ў Касцёле толькі часова і ў вельмі складаных гістарычных умовах. Але зараз канешне, ніякай забароны на гэта няма. Больш за тое, удзел у палітычным жыцці і выбарах з’яўляецца абавязкам кожнага веруючага чалавека, бо як казаў адзін філосаф “Зло дзейнічае, калі бездзейнічае дабро”.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка








All the contents on this site are copyrighted ©.