2015-04-29 12:58:00

Сусветныя дні моладзі: 2,5 млн. удзельнікаў


Арганізатары Сусветных дзён моладзі ў Кракаве чакаюць ад 2 да 2,5 млн. удзельнікаў. 28 красавіка 2015 г. у Варшаве адбылося другое пасяджэнне каманды, якая рыхтуе моладзевы форум і візіт папы Францішка ў Польшчу ў 2016 г. Гаворка ішла пра матэрыяльна-тэхнічную базу, неабходную інфраструктуру, бяспеку, візавыя пытанні. Мерапрыемства стане сапраўдным выклікам для Кракава, які ніколі ў сваёй гісторыі не прымаў так шмат гасцей. Моладзь пачне збірацца тут ўжо 24 ліпеня 2016 г. Самая вялікая хваля чакаецца 26 ліпеня, у дзень афіцыйнага адкрыцця сусветнага форуму – 700 тыс. асоб. Таксама сотні тысяч маладых людзей прыедуць у дзень прыбыцця Папы – 28 ліпеня. Наступныя некалькі соцень тысяч прыедуць на заключныя цырымоніі, 30 і 31 ліпеня. Прагназуецца, што з самой Польшчы ў Сусветных днях моладзі прымуць удзел каля 1 млн. маладых людзей.

Што тычыцца пытання бясплатных віз, важнага асабліва для бліжэйшых суседзяў краіны, у тым ліку і Беларусі, прадстаўнік польскага ўрада, які ўдзельнічаў у сустрэчы, паінфармаваў, што польскае Міністэрства замежных спраў знаходзіцца на стадыі вырашэння пытання аб вызваленні ад візавых збораў афіцыйна зарэгістраваных удзельнікаў СДМ-2016. 

Ён паведаміў таксама, што эксклюзіўнымі правамі на тэле- і аўдыё-трансляцыю мерапрыемстваў форуму, у тым ліку і з удзелам Святога Айца, будуць валодаць Польскае тэлебачанне (TVP) і радыё (PR). За акрэдытацыю журналістаў з усяго свету і арганізацыю працы прэс-цэнтраў у Кракаве і іншых месцах візіту Папы будуць адказваць дзяржаўнае Польскае прэс-агенцтва (PAP) і касцёльнае Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва (KAI).








All the contents on this site are copyrighted ©.