2015-04-28 16:26:00

Чаму прасіў прабачэння ў чалавецтва Ян Павел ІІ?


12 сакавіка 2000 г. у Ватыканскай базыліцы адбылася ўнікальная гістарычная падзея – Папа Рымскі ўстаў на калені і прасіў прабачэння ў Бога і чалавецтва за грахі, якія Касцёл учыніў на працягу гісторыі. Трэба адзначыць, што гэты учынак Яна Паўла ІІ выклікаў неадназначную рэакцыю не толькі ў некаталіцкіх асяродках, але і ў самім Касцёле. Што гэта было – праява слабасці перад светам? Ці можа гэта доказ таго, што Касцёл не з’яўляецца святым? Можа ў такім выпадку Касцёл не мае маральнага права вучыць людзей сёння? Адказаць на гэтыя пытанні мы паспрабуем у нашай сённяшняй праграме.

Трэба адзначыць, што многія справядліва лічаць “Дзень прабачэння” адной з самых яскравых і важных падзей часоў пантыфікату Яна Паўла ІІ. Ён прайшоў у першую нядзелю Вялікага посту ў Юбілейны 2000-ны год – час вельмі спрыяльны для навяртання і перагляду мінулага. Паводле Наступніка св. Пятра, менавіта з ачышчанай памяццю лодка Касцёла павінна была ўвайсці ў адкрытае мора трэццяга тысячагоддзя. Папа лічыў, што Касцёл, трываючы ў праўдзе перад самім сабой, можа больш пераканаўча выконваць сваю галоўную місію: абвяшчаць праўду Евангелля.

Нажаль, на працягу гісторыі здараліся выпадкі, калі члены Касцёла паводзілі сябе не па-хрысціянску, дзейнічалі кіруючыся не любоўю, а пыхай, страхам ці пагардай. Гэта да сённяшняга дня кідае цень на святое аблічча Касцёла і для многіх людзей становіцца спакусай нявер’я ў яго святасць. Паводле дакументу ІІ Ватыканскага Сабора “Lumen gentium”, “Касцёл, які ахоплівае ў сваім улонні грэшнікаў, ёсць святым, але ў той жа час заўсёды патрабуе ачышчэння і пастаянна ідзе шляхам пакаяння і аднаўлення”. Ян Павел ІІ задумаў “Дзень прабачэння” менавіта з гэтай мэтай.

Незадоўга да яго правядзення Папа даручыў групе з 30 тэолагаў на чале з кардыналам Ратцынгерам стварыць спецыльяны дакумент, прысвечаны “ачышчэнню памяці”. Ён быў апублікаваны пад назвай “Памяць і прымірэнне: Касцёл і грахі мінулага”. У ім сцвярджалася, што ачышчэнне памяці дапаможа Касцёлу заставацца верным евангельскім прынцыпам і быць іх пераканаўчым сведкам.

Ян Павел ІІ здзейсніў перапрашэнне за грахі Касцёла падчас урачыстай св. Імшы. Яна пачалася з працэсіі і спеву літаніі да Усіх Святых. Пасля гаміліі і “Вызнання веры” Святы Айцец пагрузіўся ў глыбокую асабістую размову з Богам. Прадстаўнік Рымскай курыі пачаў чытаць тэкст перапрашэння: за католікаў, які былі няверныя Евангеллю; за людзей Касцёла, якія ў імя веры і маралі, часам выкарыстоўвалі не евангельскія метады ў абавязковым заданні абароны праўды; за грахі, якія пашкодзілі адзінству Цела Хрыстовага і паранілі братэрскую любоў; за балючыя пакуты ўчыненыя ізраільскаму народу нямалай колькасцю хрысціян на працягу гісторыі; за парушэнне правоў самых слабых сацыяльных груп і этнасаў, пагарду да іх культур і рэлігійных традыцый; за недахоп прызнання чалавечай годнасці і роўнасці правоў жанчын, асоб кожнай расы і народа; за парушэнне правоў самых бедных і безабаронных людзей, у якіх таксама і хрысціяне не распазналі Хрыста.

Пасля перапрашэння за кожны з гэтых грахоў кардыналы і біскупы у атмасферы глыбокай малітвы, запальвалі лампады і ставілі іх у спецыяльна падрыхтаваны кандэлябр: сем лампадаў – сем грахоў. Напрыканцы Папа абагульніў гэту споведзь ў малітве: каб “ніколі больш не было супярэчнасцяў любові ў служэнні праўдзе, ніколі больш жэстаў супраць адзінства Касцёла, ніколі больш злачынстваў супраць якога-небудзь народа, ніколі больш карыстання логікай насілля, ніколі больш дыскрымінацый, выключэнняў, пераследаў, пагарды да бедных і апошніх”.

Затым Святы Айцец устаў, падыйшоў да вялікага драўлянага крыжа і пацалаваў ногі Збаўцы. Гэтым вялікім жэстам папа Ян Павел ІІ паказаў адкрытасць Касцёла на прымірэнне і пачатак новай гісторыі. Толькі той, хто свабодны ад граху, мог быць па сапраўднаму святым і свабодным. А чаго большага можна пажадаць Касцёлу ў наш час?

Варта адзначыць, што ў літургіі 12 сакавіка 2000 г. не ўзгадвалася аб канкрэтных фактах, напрыклад такіх як крыжовыя паходы ці інквізіцыя. Кожны з іх патрабуе асобнага глыбокага гістарычнага аналізу і абагульняць усё, што з імі звязана пад маркай “грахоў Касцёла” было б няправільным. Многія з гэтых фактаў наўмысна былі сфалшаваныя псеўдагісторыкамі ці ідэолагамі, а ў многіх варта адрозніваць тое, што звязана з навучаннем Касцёла, а што са злоўжываннямі асобных людзей.

Таксама трэба адзначыць, што Касцёл ставіўся да злоўжыванняў і грахоў сваіх членаў з вялікімі рэалізмам, якому могуць пазайздросціць любыя іншыя інстытуты. Касцёл не баіцца глыбокага аналізу спрэчных гістарычных фактаў. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца шматлікія даследванні, адкрытасць касцёльных архіваў, частыя канферэнцыі і дыскусіі на складаныя тэмы. Пераасэнсаванне праўды аб іх дапамагае Касцёлу “ачысціць памяць” і заставацца верным сваёй прыродзе. У гэтым кантэксце “Дзень прабачэння” быў вельмі важным. Дзякуючы яму Касцёл стаў больш моцным. Папа, які ўстаў на калені – гэта не праява слабасці, а наадварот вялікай адвагі і веры.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка 








All the contents on this site are copyrighted ©.