2015-04-28 16:07:00

Чаму быў кананізаваны заснавальнік “Opus Dei”?


Рым. 6 кастрычніка 2002 г. У гэту сонечную нядзелю на плошчы св. Пятра сабралася вялікая колькасць людзей. Яны запоўнілі таксама бліжэйшыя вуліцы. Тут праходзіла кананізацыя: падзея нярэдкая і даволі звычайная для часоў пантыфіката Яна Паўла ІІ. 6 кастрычніка яна была ўжо 465-й для гэтага Папы. Аднак атмасфера, якая вісела ў паветры была іншай. Не было чуваць воклічаў і гучных плясканняў, хоць вочы прысутных ззялі ад радасці. Не было іспанскіх і польскіх сцягоў, якія традыцыйна дамінуюць на Папскіх урачыстасцях. Ніхто не крычаў “Viva papa!” на розных мовах свету. Нават шматлікая моладзь, прысутная на цырымоніі, была апранута ў гарнітуры і гальштукі. За парадкам на плошчы назіралі каля 2 тыс. валанцёраў. У першых радах сядзелі прадстаўнікі свету палітыкі, эканомікі, спорта, дыпламаты з розных краін свету, а таксама іспанскі доктар Мануэль Невадо Рэй – аздароўлены цудоўным чынам праз заступніцтва новага святога. Побач з алтаром – 400 біскупаў і 42 кардыналы. Усе яны сабраліся для таго, каб святкаваць узнясенне да хвалы алтара Хасэмарыя Эскрывы дэ Балагуэра, заснавальніка “Opus Dei”. Аб ім і яго арганізацыі мы паразмаўляем сёння.

Хасэмарыя Эскрыва і “Opus Dei” з’яўляюцца аднымі з найбольш крытыкаваных аб’ектаў у сучаснай гісторыі Касцёла. Узгадкі аб іх часта негатыўныя, не толькі ў секулярызаваных асяродках ці СМІ, але нават з боку святароў і вернікаў. Святога абвінавачваюць у падтрымцы іспанскіх фашыстаў, адданасці строгасці і жалезнай дысцыліне, якая дамінуе над любоўю. Але большая крытыка звязана з арганізацыяй, якую ён заснаваў – “Opus Dei” (“Справа Божая”). Яна часта прадстаўляецца як рэакцыйнае і аўтарытарнае каталіцкае аб’яднанне, строга артадаксальнае, і нават інтэграліскае. Арганізацыю абвінавачваюць у маніпуліраванні Касцёлам у сваіх інтэрэсах, уплыве на Папу для хуткай беатыфікацыі і кананізацыі свайго заснавальніка.

Але пачнем па-парадку. Хасэмарыя Эксрыва быў іспанцам. У 1931 г., пасля абвяшчэння гэтай краіны рэспублікай тут пачаўся сапраўдны антырэлігійны пераслед , па прыкладзе французскай ці савецкай рэвалюцыі ў Расіі: тысячы святароў і законнікаў былі забіты за сваю веру. Касцёл, які нагадваў аб старых парадках абвяшчаўся ворагам, якога неабходна было знішчыць. У гэтым драматычным кантэксце, калі касцёлы былі закрыты, рэлігійная дзейнасць забаранялася, нашэнне сутаны ці святарскага каўнерыка магло стаць прычынай забойства, Эскрыва вырашыў стварыць рух свецкіх вернікаў, якія выконвалі звычайную працу сярод іншых і распаўсюджвалі Евангелле прыкладам свайго жыцця. Ён назваў сваю ініцыятыву “Opus Dei”. У той час ён шмат разважаў: штодзённая дзейнасць, чалавечая праца – ці не з’яўляюцца яны найлепшым шляхам для дасягнення святасці і выканання апостальства? Калі святасць, гэта не толькі справа святароў, законнікаў ці містыкаў – тады трэба дапамагчы свецкім дасягнуць яе ў іх штодзённасці? Праз 35 гадоў, гэтыя ідэі былі акрэслены ў знакамітай “схеме ХІІІ” (аб апостальстве свецкіх) ІІ Ватыканскага Сабора.

У 1939 г. генерал Франка разбіў рэспубліканскія войскі і ўстанавіў новую дыктатарскую ўладу. Многія біскупы і святары падтрымлівалі яго, бо бачылі ў ім сапраўднага абаронцу каталіцтва ад ваяўнічых безбожнікаў. Менавіта гэта з’яўляецца адным з галоўных аргументаў крытыкі “Opus Dei” – руху, які ў той час ужо шырока распасюдзіўся ў Іспаніі і быў дапоўнены святарскай галінай.

Сапраўды, многія члены  “Opus Dei” былі міністрамі генерала Франка. Аднак, Эскрыва ніколі не падтрымліваў ідэалогію фашыскага рэжыма. Трэба адзначыць, што члены “Opus Dei” выконвалі тэхнічныя функцыі: яны былі экспертамі ў праве і эканомікі. Яны працавалі дзеля дабра краіны і намагаліся вывесці Іспанію за рамкі фашыскай ідэалогіі. Напрыклад міністры з “Opus Dei” былі прыхільнікамі адкрытасці краіны і ўстанаўлення сяброўскіх адносінаў з іншымі дзяржавамі Еўропы, што супярэчыла пазіцыям франкіскіх ідэолагаў.

Члены “Opus Dei” не ўяўлялі сабой палітычнай партыі, клана ці групы. Яны падзялялі супольныя каштоўнасці і дзейнічалі ў палітыцы не ад імя арганізацыі, але ад свайго ўласнага, як патрабавалі правілы “Opus Dei”. Многія гісторыкі прызнаюць вялікі ўклад, які зрабілі члены гэтай арганізацыі для мірнага і паступовага пераходу Іспаніі ад дыктатуры да дэмакратыі.

Хасэмарыя Эскрыва карыстаўся аўтарытэтам і павагай з боку Пія ХІІ, Яна ХХІІІ і Паўла VI, каля яго магілы перад канклавам маліўся Ян Павел І, а ўзняў да хвалы алтара Ян Павел ІІ. Часта кажуць, што хуткая беатыфікацыя (усяго праз 17 гадоў пасля смерці) і кананізацыя Эксрывы, звязана з ціскам, які “Opus Dei” аказала на Папу. Аднак гэта не так.

Адразу пасля смерці будучага святога ў 1975 г. зварот аб пачацці яго беатыфікацыйнага працэса падпісалі 1200 біскупаў – незвычайна вялікая колькасць. Ян Павел ІІ, які вельмі любіў моладзь і шмат працаваў з ёй у Польшчы, у 1979 г. упершыню сустрэўся з моладзю “Opus Dei” у Кастэль Гандольфа. Ён убачыў акуратных, выхаваных, адукаваных маладых людзей, якія ведаюць сваю веру, прыступаюць да споведзі і Эўхарыстыі, жывуць паводле хрысціянскіх каштоўнасцяў і з радасцю сведчаць аб іх у сваіх асяродках. “Я шмат ад іх навучыўся!”, - сказаў Папа напрыканцы гэтай сустрэчы. Ён цалкам падзяляў ідэю Хасэмарыі Эскрывы – святасць даступна кожнаму! Гэта вызначыла будучыню арганізацыі.

У 1982 г. Папа надаў “Opus Dei” статус “персанальнай прэлатуры”, дзякуючы чаму яна стала падпарадкоўвацца асабіста Святому Айцу. Кіраўніком Залы Друку ён прызначыў члена “Opus Dei”, свецкага верніка Іахіма Навара-Вальса – паліглота і журналіста. Папа пачаў казаць аб “новай евангелізацыі” – місіі, якая ў першую чаргу павінна тычыцца свецкіх вернікаў. А ў 1991 г. абвясціў: Хасэмарыя Эскрыва будзе беатыфікаваны! Гэта выклікала вялікую хвалю крытыкі: чаму так хутка?

Хуткасць тлумачаць дзве прычыны. Па-першае, яшчэ ў 1983 г. Ян Павел ІІ зрабіў беатыфікацыйныя працэдуры больш простымі, чым раней. Цяпер не трэба было чакаць 50 гадоў, пасля смерці кандыдата і замест двух цудаў, было дастаткова аднаго, каб падцвердзіць цноты будучага благаслаўлёнага.

Эскрыва быў першым у гісторыі благаслаўлёным, у дачыненні да каго былі ўжыты гэтыя новыя нормы. Менавіта таму здавалася, што працэс прайшоў “занадта хутка”.

Па-другое, раней патрабавалася шчат часу, каб сабраць разам і апрацаваць дакументы, якія тычыліся кандытата да беатыфікацыі. Аднак за з’яўляеннем камп’ютараў, ксераксаў, прінтэраў і іншай сучаснай тэхнікі, гэты працэс стаў нашмат хутчэйшым,

У 2002 г., праз дзень пасля кананізацыі Хасэмарыі Эксрывы, у інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” кардынал Ратцынгер тлумачыў, што “цяпер зразумеў аблічча “Opus Dei”, здзіўляючую сувязь паміж абсалютнай вернасцю вялікай традыцыі Касцёла, верай, беззбройнай прастатой, безумоўнай адкрытасцю на ўсе выклікі гэтага свету...”. Кардынал Ратцынгер, які ў той час быў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, павінен быў казаць – што з’яўляецца каталіцкім, а што не; што адпавядае каталіцкаму духу, а што яму супярэчыць. Паводле яго  “Opus Dei” – гэта цалкам каталіцкае аб’яднанне і адпавядае яго духу. Гэты рух, такі, як і ўсе іншыя.

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка 








All the contents on this site are copyrighted ©.