2015-04-28 11:51:00

Святы Айцец: не трэба рабіць з Касцёла музею ўспамінаў


Касцёл рухаецца наперад дзякуючы “нечаканасцям Святога Духа”, сказаў Папа 28 красавіка 2015 г. у Ватыкане падчас ранішняй св. Імшы, разважаючы пра прапаведанне Евангелля ўсім народам, якое ажыццяўлялі апосталы. Ён адзначыў, што сёння мы павінны мець “апостальскую мужнасць” не зрабіць “з хрысціянскага жыцця музею ўспамінаў”. Старазапаветныя настаўнікі Закону не разумелі, што “Бог ёсць Богам усяго новага” і што “Святы Дух прыйшоў менавіта дзеля гэтага – аднавіць”, заўважыў Пантыфік. Ён падкрэсліў, што ўся гісторыя дэманструе нам Бога – як творцу нечаканасцяў.

Тое, што Касцёл рухаецца наперад, гэта “справа Святога Духа”, падкрэсліў Папа. Гэта Ён дапамагае нам чуць голаса Пана і бачыць ісціну. “Мы можам вывучыць усю гісторыю збаўлення, мы можам даследаваць ўсю тэалогію, але без Святога Духа мы не можам гэта зразумець. Бо менавіта Ён прымушае нас усвядоміць ісціну”, - сказаў Пантыфік. Ён дадаў, што “без малітвы няма месца для Святога Духа” у жыцці верніка і заклікаў кожнага прасіць ласку распазнання і зразумення Божай праўды.

Часта ў Касцёле пануе мысленне, якое заключаецца ў словах: “Так было заўсёды”. Яго Папа назваў смерцю альтэрнатывы і заклікаў “рызыкаваць, з малітвай”, каб затым з пакорай прыняць тое, што Святы Дух просіць нас змяніць. Гэта шлях Касцёла, лічыць Францішак.
 
“Дай нам ласку не баяцца, калі Святы Дух з упэўненасцю кажа зрабіць крок наперад”, - звярнуўся з малітвай на заканчэнне сваёй гаміліі Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.