2015-04-27 15:20:00

Папа сустрэўся з Каралевай Швецыі


27 красавіка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Каралеву Швецыі Сільвію, якую суправаджалі члены яе сям’і і прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі. Падчас аўдыенцыі размова вялася на іспанскай мове – роднай для Пантыфіка. Яе добра ведае манаршая асоба, паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Каралева Сільвія паінфармавала Святога Айца аб дзейнасці Швецыі на карысць дзяцей, а Папа скарыстаўся магчымасцю, каб падзякаваць за адкрытасць краіны для бежанцаў і мігрантаў.

Яе Вялікасць падарыла Францішку малітоўнікі для дзяцей на шведскай мове. Каралева ўдзяляла асаблівую ўвагу рэлігійнаму выхаванню сваіх дзяцей, што высока ацаніў Пантыфік.

У аўдыенцыі прымалі ўдзел таксама шведская прынцэса Мадлен, са сваім мужам і гадавалай дачкой Леанорай. Святы Айцец удзяліў асабліва цёплую ўвагу гэтай сям’і, заўважыў кс. Ламбардзі.

У рамках свайго візіту ў Ватыкан каралева Сільвія прыме ўдзел у семінары, арганізаваным Папскай акадэміяй сацыяльных навук і Пасольствам Швецыі пры Апостальскай Сталіцы на тэму барацьбы з гандлем людзьмі, з асаблівай увагай на ахвяры сярод дзяцей. Яна таксама наведае Ватыканскую бібліятэку, дзе адбудзецца інаўгурацыя новага “Стала замоў”, зробленага дзякуючы падтрымцы шведскага Фонда імя караля Густава VI Адольфа.








All the contents on this site are copyrighted ©.