2015-04-27 12:04:00

Дабрычынны канцэрт пройдзе ў Ватыкане


Апошнія стануць першымі – аб гэтых словах Езуса Хрыста працягвае нагадваць папа Францішак. 14 мая 2015 г. у Ватыкане пройдзе дабрачынны канцэрт класічнай музыкі. Усе ганаровыя месцы падчас яго будуць займаць не кіраўнікі дзяржаў і арганізацый, як звычайна адбываецца падчас падобных падзей, але бедныя, бяздомныя і сем’і з перыферый Вечнага горада. Іх адшукаюць валанцёры ватыканскіх і італьянскіх дабрачынных арганізацый.

Канцэрт пад назвай “З беднымі і для бедных” адбудзецца ў ватыканскай Зале Паўла VI, у якой Папа часта праводзіць свае аўдыенцыі і сустрэчы з вернікамі.Падчас яго выступіць салернскі філарманічны аркест “Джузэпэ Вердзі” і хор Рымскай дыяцэзіі пад кіраўніцтвам кс. Марка Фрызіны. Запрашэнні на мерапрыемства распаўсюджваюцца бесплатна, але ўсім жадаючым будзе прадастаўлена магчымасць дабраахвотна скласці ахвяраванні на дапамогу бедным.

Канцэрт арганізавалі некалькі ватыканскіх структур: Апостальская элемазінарыя, якая ад імя Пантыфіка клапоціцца пра самых патрабуючых, Папскія рады па культуры і па новай евангелізацыі і дабрачынны фонд св. Мацвея, заснаваны былым старшынёй Папскай рады “Iustitia et Pax”, в’етнамскім кардыналам Нгуен Ван Туанам.








All the contents on this site are copyrighted ©.