2015-04-26 12:47:00

Папа ўдзяліў сакрамэнт пасвячэння дзевятнаццаці дыяканам


Папа Францішак заклікаў святароў не прамаўляць нудных гамілій, не адмаўляць у хросце тым, хто аб гэтым просіць і не цэлебраваць Эўхарыстыю ў спешцы. 26 красавіка 2015 г. у базыліцы св. Пятра Пантыфік удзяліў сакрамэнт пасвячэння дзевятнаццаці дыяканам. “Станавіцеся падобнымі да Хрыста – найвыйшэйшага і вечнага святара”, каб быць “прапаведнікамі Евангелля, пастырамі народу Божага”, заклікаў Святы Айцец у сваёй гаміліі.

Францішак нагадаў, што ў Хрысце ўсе вернікі з’яўляюцца святарскім народам, але сярод іх Пан выбірае некаторых, каб працягвалі ў Касцёле Яго місію настаўніка, святара і пастыра.

Звяртаючыся да будучых святароў Пантыфік даў некаторыя “практычныя” парады. У першую чаргу адносна гамілій, якія павінны паходзіць з сэрца святара і сягаць у самае сэрца людзей. Гамілія павінна быць умацавана прыкладам жыцця, падкрэсліў Папа. “Водар вашага жыцця няхай будзе сведчаннем, таму што прыклад умацоўвае, а словы без прыкладу – пустыя, яны з’яўляюцца толькі ідэямі і ніколі не дасягаюць сэрцаў, ці нават наадварот, наносяць шкоду: не робяць добра”, - сказаў Святы Айцец.

Імша не з’яўляецца “штучным рытуалам”, заўважыў Пантыфік. Ён заклікаў святароў цэлебраваць літургію не спяшаючыся, прымаючы глыбокі ўдзел у таямніцы смерці і ўваскрасення Пана. Францішак заахвоціў святароў “не стамляцца быць міласэрнымі” удзяляючы сакрамэнт споведзі і не асуджаць вернікаў. На думку Папы, святар павінен здзейсняць сваё служэнне такім чынам, каб падабацца Богу, а не сабе.

Сярод дыяканаў, якім Святы Айцец удзяліў сакрамэнт пасвячэння былі навучэнцы  Вышэйшай папскай рымскай духоўнай семінарыі, Дыяцэзіяльнага місійнага калегіўма “Redemptoris Mater”, Семінарыі Маці Божай Любові, а таксама члены манаскай кангрэгацыі Сям’і вучняў, канвентуальныя францішкане і прадстаўнік малабарскага абраду.








All the contents on this site are copyrighted ©.