2015-04-24 11:33:00

Францішак: памятаць аб першай сустрэчы з Езусам


Езус ніколі не забывае пра дзень першай сустрэчы з намі. Папросім і мы аб ласцы, каб памятаць пра яго заўсёды, заклікаў папа Францішак 24 красавіка 2015 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане.

Сустрэча – гэта спосаб, якім Езус змяняе жыццё людзей, лічыць Пантыфік. Ён нагадаў пра шматлікія евангельскія доказы гэтага: гісторыю Паўла, якога сустрэча з Панам перамяніла з ганіцеля хрысціян у апостала; гісторыю Яна і Андрэя, якія правялі з Настаўнікам “увесь вечар”; гісторыю Сымона, якія стаў “камнем” новай супольнасці; пракажоннага, які вярнуўся да Хрыста, каб падзякаваць за аздараўленне; самаранкі; жанчыны, аздароўленай праз дотык да вопраткі Збаўцы.

На думку Святога Айца, вельмі важна памятаць пра першую сустрэчу з Езусам. Ён параіў вернікам узгадаць, аб тых момантах калі па-сапраўднаму адчувалі блізкую прысутнасць Бога; калі адчувалі, што павінны змяніць жыццё або прабачыць бліжняга; калі адчувалі, што Пан патрабуе чагосьці; калі сустрэліся з Ім. Фундамент нашай вера – гэта сустрэча з Езусам, падкрэсліў Францішак.

Паводле Папы, успамін аб вызначальных для жыцця сустрэчах з Богам, з’яўляецца “цудоўнай малітвай” да якой неабходна звяртацца штодзённа. Гэта радасны ўспамін, успамін першай любові, адзначыў ён.

Таксама Святы Айцец параіў вернікам перачытаць гісторыі сустрэч Езуса з людзьмі, запісаныя ў Евангеллі, каб знайсці ў іх падабенства з уласнай. На думку Францішка, варта памятаць пра момант першай сустрэчы з Богам, каб ніколі не пачуць словы Пана, прыведзеныя ў Апакаліпсісе св. Яна: “Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў” (2,4).








All the contents on this site are copyrighted ©.