2015-04-23 12:47:00

Кардынал Паралін аб міграцыйных праблемах Еўропы


Перад абліччам драмы мігрантаў у міжземнаморскім рэгіёне неабходна больш канкрэтнае супрацоўніцтва ўсіх краін Еўропы, перакананы кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца заклікаў да стварэння ў дзяржавах паходжання мігрантаў такіх умоў, якія б дазволілі ім  не шукаць ратунку ад насілля і беднасці ў іншых краінах. Акрамя таго, ён звярнуў увагу на патрэбу ў разбурэнні сеткі крымінальных структур, якія зарабляюць на арганізацыі міграцыі праз Міжземнае мора. Гэтымі думкамі высокі ватыканскі іерарх падзяліўся ў інтэрв’ю італьянскай “La Stampa”.

Кардынал Паралін нагадаў аб агульнай адказнасці еўрапейскіх дзяржаў за прадухіленне трагічных здарэнняў, якія адбываюцца з мігрантамі на шляху ў Еўропу. Гэту тэму папа Францішак уздымаў таксама падчас сваёй нядаўняй сустрэчы з Прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі Серджыа Матарэлай, адзначыў ён.

Пурпурат лічыць, што існуе прагрэс у еўрапейскай міграцыйнай палітыцы, у параўнанні з мінулым, але застаецца патрэба ў “больш дакладным і канкрэтным супрацоўніцтве”. Ватыканскі іерарх звярнуў увагу на неабходнасць інфармавання патэнцыйных мігрантаў аб небяспеках, якія іх чакаюць падчас пераадолення Міжземнага мора. Будучы падманутымі арганізатарамі падобных “падарожжаў”, многія з іх думаюць, што гэта “як пераплыць раку”.

Кардынал Паралін нагадаў аб патрэбе міру на Блізкім Усходзе, адсутнасць якога з’яўляецца асноўнай прычынай міграцыі. “Таму праблема мігрантаў звязана з дзейнасцю міжнароднай дыпламатыі на карысць мірнага вырашэння канфліктаў”, - падсумаваў ён. Іерарх таксама з жалем заўважыў, што існуюць бакі, зацікаўленыя ў зацягванні ўзброеннага супрацьстаяння, у першую чаргу, сярод гандляроў зброяй.








All the contents on this site are copyrighted ©.