2015-04-23 11:00:00

Апостальская Сталіца аб важнасці дыялогу з ісламам


“Апошнія падзеі прымушаюць многіх задацца пытаннем: “Ці ёсць яшчэ месца для дыялогу з мусульманамі?”. Адказ на яго – так, больш чым калі небудзь”, так пачынаецца спецыяльная дэкларацыя Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, апублікаваная 22 красавіка 2015 г.  

Большасць вызнаўцаў ісламу не прымае таго варварства, сведкам якога чалавецтва стала ў апошні час, яны жадаюць прадэманстраваць, што рэлігія не мае нічога супольнага з насіллем, сцвярджаецца ў дакуменце. Забойствы ў імя рэлігіі, гэта не толькі абраза Бога, але і параза самаго чалавецтва, “памяншэнне праўды аб Богу да памеру ўласнай слепаты і маральнай дэгенерацыі”.

У дэкларацыі адзначаецца радыкалізацыя грамадскага і рэлігійнага дыскурсу, павелічэнне ўзроўню нянавісці і насілля, а таксама клеймаванне мусульман і іх рэлігіі. “У такім кантэксце мы закліканы ўмацаваць братэрства і дыялог. Вернікі складаюць вялізарны патэнцыял міру, калі вераць, што чалавек створаны Богам, а чалавецтва з’яўляецца адзінай сям’ёй, нават больш, калі вераць, як мы хрысціяне, што Бог – гэта Любоў”, - гаворыцца ў дакуменце.

Паводле Апостальскай Сталіцы, працяг дыялогу нават ва ўмовах пераследу можа стаць знакам надзеі. Прапанова дыялогу – гэта не навязванне ўласнага пункту гледжання, а заклік паважаць адметнасці, свабоду сумлення і веравызнання, заклік бараніць чалавечую годнасць і любоў да праўды, адзначаецца ў дэкларацыі.

“Мы павінны мець адвагу, каб пераглядзець якасць жыцця ў сям’і, спосабы навучання рэлігіі і гісторыі, змест пропаведзяў у нашых месцах культу. Перш за ўсё, сям’я і школа з’яўляюцца ключом да таго, каб заўтрашні свет засноўваўся на ўзаемнай павазе і братэрстве”, - гаворыцца дакуменце Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу.








All the contents on this site are copyrighted ©.