2015-04-22 15:08:00

Ватыканскі іерарх пра новую міграцыйную палітыку


Чарговыя трагедыі на моры павінны абудзіць Еўропу. Яны не могуць выкарыстоўвацца выключна для палітычных гульняў, не прыводзячы да канкрэтных мер падтрымкі, а таксама эфектыўнай барацьбы з кантрабандыстамі, якія зарабляюць на чалавечых пакутах. Так пракаментаваў найвялікшую трагедыю ў гісторыі, якая здарылася з удзелам мігрантаў у Міжземным моры, кардынал Антоніа Марыя Вэльё.

У ноч з суботы на нядзелю затануў катэр з нелегальнымі бежанцамі. Загінулі больш за 800 чалавек, паведамілі Кіраўніцтва Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў і Міжнародная арганізацыя па міграцыі. 21 красавіка 2015 г. адбылася яшчэ адна трагедыя. Мора, па некаторых звестках, стала могілкамі для больш чым 150 бежанцаў.

Калі пасля трагедыі ў берагоў Лампедузы (3 кастрычніка 2013 г. там загінулі 368 афрыканскіх бежанцаў) на востраў прыбыў папа Францішак, а пасля яго шэраг палітыкаў, здавалася, што Еўропа ўбачыла праблему і будзе ў стане рэагаваць адпаведным чынам. У канчатковым рахунку, аднак, мала што было зроблена, падкрэсліў старшыня Папскай рады пастырства эмігрантаў і падарожнікаў. Ён адзначыў, што неабходна не толькі хрысціянская салідарнасць, каб дапамагчы брату, які пакутуе, але і новая еўрапейская палітыка.

“Я спадзяюся, што ў рэшце рэшт будуць прыняты адпаведныя і смелыя рашэнні. Пасля Лампедузы шмат было сказана і на гэтым усё спынілася. Я перакананы, што патрэбна новая еўрапейская палітыка адносна прызнання прытулку, калі справа тычыцца мігрантаў”, - сказаў арцыбіскуп Вэльё. 

Гэта палітыка, дадаў ватыканскі іерарх, у першую чаргу, павінна паважаць чалавечую годнасць і міжнародныя канвенцыі. Палітычны клас не можа выкарыстоўваць для сваіх уласных мэтаў трагедыю мігрантаў, як гэта адбываецца зараз. “Гэта тая праблема, на якую Еўропа павінна даць канкрэтны адказ. Не можна проста сказаць: “Трэба ад іх пазбавіцца, няхай вяртаюцца ў свае краіны”. Гэта не рашэнне. Праблема існуе, і трэба знайсці выхад з гэтай сітуацыі”, - сказаў кардынал Вэльё.

Лічыцца, што з пачатку 2015 г. падчас пераправы ў Сіцылійскім праліве загінула да 1600 бежанцаў. Італьянскага ўзбярэжжа дасягнула больш чым 26 тыс. мігрантаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.