2015-04-21 13:19:00

Пантыфік: сёння Касцёл – гэта Касцёл мучанікаў


Сёння Касцёл з’яўляецца Касцёлам мучанікаў, сказаў папа Францішак 21 красавіка 2015 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Каментуючы евангельскае апавяданне пра забойства св. Стэфана, Пантыфік узгадаў пра лёсы тысяч людзей, якія сёння падвяргаюцца пераследу ва ўсім свеце па прычыне сваёй веры ў Езуса Хрыста.

“У нашы дні ў свеце шмат “Стэфанаў”! Падумаем пра нашых братоў, зарэзаных на ўзбярэжжы ў Лівіі, падумаем пра хлопчыка, якога спалілі жывым яго аднагодкі за тое, што быў хрысціянінам, падумаем пра тых мігрантаў, якія былі выкінуты пасярод глыбокага мора іншымі, таму што былі хрысціянамі, падумаем пра эфіопаў, якія пазаўчора былі забіты, бо былі хрысціянамі і пра многіх іншых. Ёсць шмат іншых, пра якіх мы не ведаем, але якія пакутуюць у турмах, таму што з’яўляюцца хрысціянамі. Сёння Касцёл – гэта Касцёл мучанікаў: яны пакутуюць, аддаюць жыццё, а мы атрымліваем Божае благаслаўленне дзякуючы іх сведчанню”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што прычынай забойства св. Стэфана была яго вернасць Божаму слову. “Божае слова заўсёды не падабаецца пэўнага кшталту сэрцам. Божае слова перашкаджае, калі маеш сэрца цвёрдае, язычніцкае, таму што яно падштурхоўвае ісці наперад, шукаючы і насычаючыся хлебам, пра які казаў Езус. На працягу гісторыі Аб’яўлення шмат мучанікаў было забіта за іх вернасць Божаму слову, Божай праўдзе”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне сваёй гаміліі ён заклікаў аб’яднацца духоўна з усімі людзьмі, якія падвяргаюцца пераследу з боку “сучасных сінедрыёнаў”, што лічаць сябе гаспадарамі ісціны, з’яднацца з тымі мучанікамі, якіх забіваюць за вернасць Езусу.








All the contents on this site are copyrighted ©.