2015-04-20 14:51:00

Пантыфік кананізуе ў ЗША іспанамоўнага францішканіна


Францішак кананізуе благаслаўлёнага Хуніпера Серу 24 верасня 2015 г. у Вашынгтоне, абвясціў 20 красавіка 2015 г. прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў, кардынал Марк Уэле. “Апостал Каліфорніі”, як называлі яго, будзе першым іспанамоўным святым Злучаных Штатаў.

Кананізацыя іспанскага францішканіна, які жыў у 1713-1784 гг., стане адным з пунктаў апостальскага падарожжа Папы ў ЗША, якое ўключае ў сябе, акрамя сталіцы, Нью-Ёрк і Філадэльфію. Сёння па-ранейшаму вядуцца размовы пра прыпынак Пантыфіка на Кубе на шляху ў Злучаныя Штаты або падчас вяртання ў Рым.

Аб сваім намеры кананізаваць благаслаўлёнага Хуніпера казаў сам Францішак у гутарцы з журналістамі ў студзені 2015 г. 

Трэба нагадаць, што ў суботу 2 мая Францішак наведае Папскі паўночнаамерыканскі калегіўм у Рыме і адправіць там св. Імшу на ўспамін благаслаўлёнага ў рамках дня, прысвечанага заснавальніку каталіцкіх місій на тэрыторыі сучаснай Каліфорніі, у тым ліку ў Сан-Францыска, Лос-Анджэлесе, Сакрамэнта і Сан-Дыега.








All the contents on this site are copyrighted ©.