2015-04-18 14:07:00

Францішак спаткаўся з асацыяцыяй служэння жаночай моладзі


Генеральная асамблея Міжнароднай каталіцкай асацыяцыі служэння жаночай моладзі праходзіла ў мінулыя дні ў Рыме. 18 красавіка 2015 г. у Ватыкане з яе ўдзельнікамі сустрэўся папа Францішак. Ён нагадаў, што арганізацыя была створана пры падтрымцы папы Льва XIII і да сённяшняга дня сведчыць сваю вернасць Наступніку св. Пятра. 

Пантыфік нагадаў, што маладыя патрабуюць заўсёды ўвагі да сябе і ўмення слухаць. Толькі так можна дапамагчы ім “знайсці арыенціры і развіццё на шляху да чалавечай і духоўнай сталасці, якая сілкуецца евангельскімі каштоўнасцямі”. Маладыя людзі дапамагаюць свету не забыцца пра яго асноўныя вартасці – братэрства і салідарнасць. Яны таксама нагадваюць нам, што мы “крохкія і залежныя ад Бога і іншых людзей”. Толькі “міласэрны погляд Айца нас падтрымлівае і дапамагае прыняць нашу беднасць, каб рухацца наперад з упэўненасцю і ўдзельнічаць разам у гэтай “рэвалюцыі пяшчоты”, сказаў Папа і заклікаў членаў Міжнароднай каталіцкай асацыяцыі “працягваць абвяшчаць усім радасць Евангелля”.








All the contents on this site are copyrighted ©.