2015-04-18 10:01:00

Беларуская кампаналогія – забытая навука аб нашых званах


Зараз, калі хрысціянскія Цэрквы перажываюць светлы пасхальны перыяд, у Беларусі ёсць магчымасць пачуць гук старажытных званоў. Гэта нягледзячы на тое, што амаль з пачатку XX стагоддзя і на працягу больш 60 гадоў званы на тэрыторыі краіны знішчаліся. Сёння на лёс беларускіх званоў праліла святло мастацтвазнаўца і кампанолаг Алена Шацько, аўтар кнігі “Званы праваслаўных храмаў Западнай Беларусі: гісторыя і сучаснасць”, якая выйшла ў друк у 2014 г. 

Выданне новае і насамрэч стала першым у краіне ў сваім родзе. Кніга ахапіла 10 гадоў працы: даследванняў, экспедыцый, пошукаў у архівах Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі. Даследчыца асабіста наведала больш за 250 храмаў,  каб на свае вочы пабачыць званы, якія захаваліся, сфатаграфаваць іх і запісаць гук. Усё гэта – эксклюзіўны матэрыял. Шлях даследчыцы пралягаў па Заходняй Беларусі, дзе захаваліся рарытэтныя экземпляры, у адрозненні ад Усходняй, там палітычная і канфесійная сітуацыя прывяла да таго, што званы амаль перасталі існаваць. І ў сучаснасці гук старажытнага звана чуць з далёк, а распазнае яго не толькі спецыяліст, упэўнена Алена Шацько. “Гэта званы XVI-XVIII стагоддзяў. Яны ад сучасных адрозніваюцца сваім глыбокім, працяглым гукам, бархатным; кожны гэта пачуе адразу. На гэта паўплывала і тэхналогія адліўкі, зараз яна вельмі хуткая. Яшчэ мы праводзілі даследванні і знайшлі, што рарытэтныя званы выпрамньваюць ультрагук і інфрагук, а ў сучасных, на жаль, няма гэтага”, - паведаміла мастацтвазнаўца. 

Старажытныя званы цікавыя яшчэ сваёй інфармацыяй, на шматлікіх можна знайсці дадзеныя: пра майстэрню, на якой быў адліты, пра ахвярадаўцаў, выявы абразоў Маці Божай ці святых, надпісы на царкоўнаславянскай мове, нямецкай, польскай, латыні. 

На самой справе Алена Шацько задакументавала і шматлікія званы, якія “служылі” на каталіцкіх касцёлах. А разам з лёсам званоў давялося пазнаць і шмат невядомых да гэтага моманту шырокаму колу гісторый аб лёсе людзей, якія ратавалі званы ў гады Вялікай Айчыннай вайны: закапвалі іх або тапілі ў азёрах, каб пад страхам расстрэлу захаваць спадчыну. “У гады вайны немцы прымушалі здаваць званы на метал на патрэбы арміі. І вось выпадак у Нясвіжы, там праваслаўны святар выратаваў ксяндза мясцовага касцёла, які закапаў звон, каб не здаваць, і яму пагражалі расстрэлам. А праваслаўны святар заступіўся, паручыўся, што ксёндз не мае сувязяў з партызанамі і так вызваліў яго ад кары. А звон захаваўся да гэтага часу, так расказваюць жыхары і такіх гісторый я запісала шмат”, - прывяла прыклад Алена Шацько. 

Ёсць у даследванні і больш далёкія гісторыі. Напрыклад, да рэвалюцыі ў касцёле ва Уздзе было дзевяць званоў, а потым іх вывезлі ў Маскву. Але парафіяне не маглі змірыцца з стратай, і адзін з іх, вядома дакладна яго імя, Казімір Дамінікавіч Зенькевіч паехаў у Златаглавую, каб вярнуць званы. У Маскве палічылі, што касцёльныя званы не маюць вялікай гістарычнай вартасці (узростам не выйшлі) і дазволілі шлях на радзіму, быў састаўлены акт. Але ці вярнуліся званы ва Узду, дакладна не вядома, хаця даследчыца у прыватным парадку некалі тэлефанавала ў парафію і паведаміла пра вядомыя ёй дакументы. “Было б цікава паехаць ва Узду і даведацца, ці вярнуліся званы ў Касцёл. Бо гэта быў сапраўдны подзвіг на той час, 1922 год, трэба было паехаць, часцей за ўсё за свае грошы, а яшчэ даставіць, пагрузіць, аплаціць непасрэна званы, за кожны пуд. Плацілі хлебам, бо тады быў голад”, - патлумачыла Алена Шацько.   

Увогуле для спецыяліста адлічыць “царкоўныя” званы ад “касцёльных” няма цяжкасці – калі званы ў праваслаўных храмах былі непарушныя, а званілі языкі, то ў каталіцкіх наадварот – языкі былі непарушныя, а званы рухаліся. Усе гэтыя ўмоўнасці і парадкі складваліся ў традыцыю стагоддзямі і выліліся ў сапраўднае мастацтва з моманту вытворчаці самога звону, упэўнены спецыялісты. 

Займаліся стварэннем званоў цэлыя сямейныя дынастыі, і кожная мела свае сакрэты. Напрыклад, на тэрыторыі Беларусі у распалены метал дадавалі агаркі свечак ці нават конскі навоз, званы астывалі толькі ў зямлі. І калі тэхналогіі маглі адрознівацца, павага да званоў сярод людзей, не лічачы часоў атэізму, заўсёды была вялікай. Па-першае, збіралі на звон усім прыходам, вёскай, горадам, па-другое, яго заўсёды лічылі голасам Царквы. На жаль, атэістычны час згубіў не толькі шмат званоў, але тэхналогіі, а таксама навыкі абыходжання са званамі, сёння такога прадмету як “кампаналогія” не існуе, яго не выкладаюць у духоўных школах, падзялілася Алена Шацько. “Званіць – гэта вялікая радаць, я усім жадаю некалі дакрануцца да вяровачак і пачуць звон. Гэта цуд нейкі, званы змяняюць таксама жыццё людзей. Вось і моладзь зараз часта кажа, што прйшлі ў храм, касцёл, пачуўшы прыгожы звон. Людзі рознымі шляхамі прыходяць у Царкву, да Бога, да веры. Але ж даказана, кожны ўдар выпраменьвае крыж. Ці гэта не дзіўна? Крыж, ён асвятляе нашу прастору, чым больш званы звоняць у нашых гарадах і вёсках, тым чысцей, святлей і лягчэй становіцца на душы”, - лічыць кампанолаг.        

Па словах даследчыцы, белых плям у гісторыі беларускіх званоў яшчэ шмат, таму працаваць ёсць над чым. У дадатку да кнігі, якую можна набыць у мінскай “Акадэмічнай кнізе” і маскоўскім Данілавым манастыры, ёсць архіўныя дакументы і нават дыск с гукам. Але ж пачуць званы можна кожны дзень і вельмі проста – спыніўшыся хоць на хвіліну каля якога-небудь храма.   

Ларыса Абрамчук, Мінск.








All the contents on this site are copyrighted ©.