2015-04-16 13:34:00

Папа: паслухмянасць – гэта адвага змяніць свой шлях


Сваю гамілію, падчас Эўхарыстыі 16 красавіка 2015 г. у капліцы ватыканскага Дома св. Марты, папа Францішак прысвяціў паслухмянасці, якой з’яўляецца  “адвага змяняць свой шлях, калі Пан просіць аб гэтым”.

Падставай для разважання Святога Айца паслужыў літургічны ўрывак з кнігі Дзеяў Апосталаў аб парушэнні апосталамі забароны на прапаведванне Евангелля. Настаўнікі закона напаўняліся гневам і зайздрасцю, бо бачылі цуды, якія здзейсняліся перад іхнімі вачыма і вялікую колькасць людзей, якія ішлі за вучнямі Хрыста. Яны нават пасадзілі апосталаў у вязніцу, але з’явіўся анёл, які іх вызваліў і даў магчымасць далей працягваць апавядаць пра Езуса. Будучы схопленымі паўторна, вучні адказалі аб прычынах сваёй упартасці: “Трэба слухацца Бога больш чым людзей”. Гэтага, паводле Папы, першасвятары не разумелі.

“Яны былі настаўнікамі, вывучалі гісторыю народа, прароцтвы, закон, ведалі ўсю тэалогію ізраільскага народу, адкрыцці Божыя – ведалі ўсё, былі настаўнікамі, але няздольнымі распазнаць збаўленне Божае. Як магла ўзнікнуць такая сардэчная цвёрдасць?”, - спытаў Пантыфік.

На думку Папы, да такой “цвердалобасці” фарысеяў магла прывесці іх няздольнасць весці дыялог і закрытасць у сабе. Яны займаліся толькі інтэрпрытацыяй закона, каб зрабіць яго больш дакладным. Былі закрытымі і гэта прывяло іх да непаслухмянасці Богу. “У гэтым драма ізраільскіх настаўнікаў, тых тэолагаў народу Божага: не ўмелі слухаць і весці дыялог”, - сказаў Папа.

Францішак заўважыў, што прыкметай чалавека закрытага на голас Божы, знакі Божыя ў гісторыі, з’яўляецца яго пастаяннае імкненне прымусіць замоўкнуць тых, хто прапаведуе навіну Бога, а менавіта Уваскрослага Хрыста.  “Гэта тыя самыя людзі, якія плацілі ахоўнікам магілы, каб сказалі апосталам, што выкралі цела Езуса. Рабілі ўсё, каб не адкрыцца на голас Божы”, - сказаў Папа.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік заклікаў маліцца за ўсіх, хто навучае Божы народ, каб не закрываліся ў сабе, а вялі дыялог і такім чынам былі захаваны ад гневу Божага.








All the contents on this site are copyrighted ©.