2015-04-16 15:17:00

Пантыфік прыняў дэлегацыю аб'яднання законніц ЗША


16 красавіка 2015 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Канферэнцыі вышэйшых настаяцельніц жаночых манаскіх кангрэгацый ЗША (LCWR) – аб’яднання, якое ў перыяд з 2008 па 2012 гг. стала аб’ектам асаблівай увагі з боку Кангрэгацыі Веравучэння. Прычынай гэтага былі некаторыя тэалагічныя і дактрынальныя памылкі, якія мелі месца ў выступленнях на штогадовых асамблеях Канферэнцыі ў апошнія гады, а таксама скажонае бачанне манаскага жыцця.

Падчас аўдыенцыі Пантыфіку была прадстаўлена справаздача аб рэалізацыі прадпісанняў зробленых у выніку дактрынальнай ацэнкі дзейнасці аб’яднання, падрыхтаванай Апостальскай Сталіцай ў 2012 г.

На працягу апошніх трох гадоў былі перагледжаны статуты Канферэнцыі, яе публікацыі, праграмы, крытэрыі выбару рэлятараў падчас штогадовых асамблей і прэс-сакратароў асацыяцыі. Усе гэтыя і шматлікія іншыя аргументы аб праведзенай працы былі адлюстраваны ў справаздачы, прадстаўленай Святому Айцу. Удзельнікі аўдыенцыі выказалі пераканасць, што праведзеныя ініцыятывы паспрыяюць умацаванню манаскага жыцця ў ЗША, засяроджанага на асобе Езуса Хрыста і ўкаранёнага ў навучанні Каталіцкага Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.