2015-04-16 12:28:00

Адышоў да вечнага жыцця айцец Аляксандр Надсан


15 красавіка 2015 г. памёр айцец Аляксандр Надсан – грэка-каталіцкі святар, апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы, вядомы грамадскі дзеяч. Ён адышоў у вечнасць на 89-м годзе жыцця ў адной з лонданскіх клінік, куды быў шпіталізаваны некалькі дзён таму.

Аляксандр Надсан нарадзіўся ў 1926 г. у мястэчку Гарадзея, недалёка ад Нясвіжа. Вучыўся ў Лонданскім універсітэце, Грэцкім калегіўме і Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Пасля атрымання святарскага пасвячэння, напрыканцы 1950-х гадоў, пераехаў у Лондан, дзе кіраваў беларускай школай імя Кірылы Тураўскага. У 1981 г. узначаліў Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны ў сталіцы Вялікабрытаніі, а ў 1986 г. быў прызначаны апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў у замежжы.

Айцец Аляксандр займаўся вывучэннем беларускай свецкай і духоўнай літаратуры XVI-XVII ст. У 1994 г. Апостальскай Сталіцай былі зацверджаны літургічныя тэксты для беларускіх грэка-католікаў, перакладзеныя ім на беларускую мову.

Падчас сваіх візітаў у Рым айцец Аляксандр Надсан часта наведваў Беларускую рэдакцыю Ватыканскага радыё і дзяліўся сваімі думкамі адносна грамадскага і рэлігійнага жыцця ў краіне. У лютым 2010 г. ён з жалем адзначаў, што шмат людзей застаюцца рэлігійна неадукаванымі, а сапраўднае духоўнае жыццё вядуць немногія. “Данесці да іх слова Божае, закрануць іхнія душы – цяжка”, - падкрэсліваў святар.

“Часам сітуацыя ў Беларусі мне нагадвае навукова-фантастычныя раманы, у якіх існуюць два паралельныя светы, што не зыходзяцца паміж сабой. Бывае, што прыязджаеш да сваіх сяброў, у беларускае асяроддзе – размаўляеш па беларуску, цябе прымаюць пабожна – і здаецца ўсё цудоўна. Але выйдзеш на вуліцу – рэальнасць зусім іншая. Тое самае ў рэлігійным жыцці – тых, якія прыходзяць у царкву ці ў касцёл, вялікая колькасць. Яны жывуць сваім жыццём, але большасць жыве паралельна, і ў нацыянальным і ў рэлігійным сэнсе. Здаецца святыні поўныя, але колькі гэта ў параўнанні з насельніцтвам нашай краіны? Аб гэтым я заўсёды задумваюся – як дайсці да душаў усіх беларусаў?” – казаў ён.

Айцец Аляксандр Надсан дзяліўся таксама сваімі думкамі аб значэнні беларускай мовы ў распаўсюджванні Евангелля.

“Мову нам Бог даў і мы павінны яе выкарыстоўваць на славу Божую. Як дайсці да душы чалавека і растлумачыць яму праўды Божыя? – На мове, якая яму зразумелая! Для беларуса родная мова – самая дарагая, бо яна – дар Божы і з'яўляецца самай зразумелай. Яна ні горшая і ні лепшая за іншыя – яна наша. Дзякуем Богу за яе і будзем карыстацца ёй”, - казаў святар.

Асаблівым жаданнем айца Аляксандра Надсана было, каб у Беларусі прарасло “рэлігійнага дрэва” ў постаці новых маладых хрысціянаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.