2015-04-14 14:39:00

Апублікавана афіцыйная праграма візіту Папы ў Сараева


Сустрэча з уладамі Босніі і Герцагавіны, св. Імша на стадыёне, экуменічнае і міжрэлігійнае спатканні, сустрэча з біскупамі, духавенствам і кансэкраванымі асобамі, моладдзю ўвойдуць у праграму адзінаццацігадзіннага візіту Францішка ў Сараева ў суботу, 6 чэрвеня 2015 г.

У аэрапорт у гэтым горадзе самалёт з Папам на борце прыбудзе ў 9.00. Праз паўгадзіны на плошчы перад прэзідэнцкім палацам пройдзе прывітальная цырымонія, пасля чаго ў палацы Пантыфік правядзе размову з трохасабовым Прэзідыумам Рэспублікі і сустрэнецца з прадстаўнікамі ўрада.

У 11.00 на стадыёне “Koševo” Папа ўзначаліць Эўхарыстыю. Затым пройдзе абед з біскупамі Босніі і Герцагавіны ў сядзібе Апостальскай нунцыятуры.

У 16.20 у катэдры плануецца сустрэча са святарамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі, да якіх Святы Айцец звернецца з прамовай. Ён зробіць гэта і падчас экуменічнай і міжрэлігійнай сустрэч – у 17.30, і спаткання моладзі – у 18.30.

Кароткая цырымонія развітання пройдзе ў аэрапорце Сараева ў 19.45. У 20.00 самалёт з Папам на борце вылеціць у Рым.








All the contents on this site are copyrighted ©.