2015-04-12 11:30:00

Папа ўзначаліў літургію ў армянскім абрадзе


12 красавіка 2015 г. папа Францішак цэлебраваў у ватыканскай базыліцы св. Імшу з нагоды стагоддзя “Вялікага ліхадзейства” – фізічнага знішчэння армян у Асманскай імперыі ў гадах з 1915 па 1918 гг. Літургія прайшла ў армянскім абрадзе. На пачатку Эўхарыстыі Святы Айцец абвясціў Доктарам Паўсюднага Касцёла св. Грыгорыя з Нарэка – армянскага святара і законніка, паэта і вучонага, які жыў у перыяд паміж 950- 1005 гг. Ён шануецца як вялікі тэолаг і адзін з самых важных паэтаў армянскай літуратуры.  Шырокую вядомасць яму прынёс твор “Кніга пакутных песняў”, які адыграў важную ролю ў станаўленні армянскай літаратурнай мовы. 

Звяртаючыся да армян, прысутных у базыліцы св. Пятра Пантыфік адзначыў, што свет зараз перажывае “свайго роду” трэцюю сусветную вайну, калі кожны дзень мы бачым страшныя злачынствы, крывавыя забойствы і шаленства разбурэння. “На жаль, таксама і сёння мы чуем прыдушаныя крыкі многіх нашых безабаронных братоў і сясцёр, якія з-за веры ў Хрыста ці этнічнай прыналежнасці, публічна і жорстка забіваюць: якіх абезгалоўліваюць, ўкрыжоўваюць, спаліваюць жыўцом або прымушаюць пакідаць свае зямлі”, - сказаў Святы Айцец.

Ён нагадаў, што ў ХХ стагоддзі чалавецтва перажыло тры вялікія трагедыі: генацыд армян, грэкаў а таксама іншых народаў; злачынствы нацызму і сталінізму,ці масавыя знішчэнні ў Камбоджы, Руандзе, Бурундзі і Босніі ігд. Папа дадаў, што нават сёння ёсць людзі, якія імкнуцца ліквідаваць іншых, бо яшчэ не навучыліся, што “вайна – гэта вар'яцтва, бескарысна разня”. Кажучы пра зьнішчэньне армян Францішак падкрэсліў, што пра гэтыя трагічныя падзеі мы павінны памятаць, бо “там, дзе няма памяці, зло робіць тое, што рана ўсё яшчэ адкрыта. Укрыванне або запярэчванне зла, гэта быццам бы дазвол на тое, каб рана надалей крывавіла, не лечачы яе”, - сказаў Святы Айцец.

У сваёй гаміліі гаворачы пра трагічныя падзеі мінулага перыяду, Папа адзначыў, што толькі Бог можа запоўніць гэту пустэчу, якую зло адкрывае ў нашых сэрцах і ў нашай гісторыі. “З кожнага граху і найбольшых трагедый свету вызваляе нас смерць Хрыста, бо Яго міласэрнасць вечная”, - сказаў Святы Айцец.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.