2015-04-11 11:32:00

Пантыфік звярнуўся да ўдзельнікаў “Саміту Амерык”


Папа скіраваў спецыяльнае пасланне да ўдзельнікаў “Саміту Амерык”, які праходзіць 10-11 красавіка 2015 г. у Панаме. Ён выказаў “падтрымку адкрытаму дыялогу”, які грунтуецца на ўзаемным супрацоўніцтве і імкненні да агульнага дабра. Францішак нагадаў палітычным лідэрам Паўночнай і Паўднёвай Амерык, што “няроўнасць, несправядлівае размеркаванне багаццяў і рэсурсаў з’яўляецца крыніцай канфліктаў і гвалту сярод народаў”. Дабрабыт, які дасягаецца праз уціск іншых, “несправядлівы карэнным чынам”, падкрэсліў ён і дадаў, што ніводзін чалавек не можа быць выключаны з магчымасці карыстацца фундаментальнымі правамі. Многія краіны перажываюць у апошнія гады моцны эканамічны рост, у той час, як іншыя працягваюць жыць у галечы. Акрамя таго, у краінах з эканомікай на шляху развіцця назіраецца велізарны разрыў паміж багатымі і беднымі.

Пантыфік чарговы раз заклікаў да “глабалізацыі салідарнасці і братэрства”, а не “дыскрымінацыі і абыякавасці”. Менавіта такі падыход, на яго думку, здольны вылечыць “хваробы грамадства”. 

Францішак не абмінуў і тэму міграцыі. Ён нагадаў, што людзі, якія вымучана пакідаюць свае краіны, становяцца лёгкай здабычай гандляроў людзьмі. Адсутнасць супрацоўніцтва паміж дзяржавамі пакідае многіх з іх “па-за законам і без магчымасці адстойваць свае правы”.

У асобна ўзятых краінах ствараюцца адрозненні, якія Папа назваў “скандальнымі і абразлівымі”, асабліва ў адносінах да карэнных народаў, у сельскай мясцовасці або ў прыгарадах буйных гарадоў. “Без сапраўднай абароны гэтых людзей ад расізму, ксенафобіі і нецярпімасці, вяршэнства закона страціць сваю легітымнасць”, - лічыць ён.

На думку Папы, “Саміт Амерык” – гэта сапраўдная магчымасць “навядзення мастоў, каналаў сувязі, будавання адносін”, умацавання міру, справядлівасці, салідарнасці і супрацоўніцтва, праз павагу да “законнай аўтаноміі кожнага народа”.








All the contents on this site are copyrighted ©.