2015-04-10 13:17:00

Папа ўручыць сваю булу прадстаўнікам Касцёла


11 красавіка 2015 г. падчас урачыстасці ў базыліцы св. Пятра папа Францішак перадасць прадстаўнікам Касцёла з усіх кантынентаў экзэмпляры булы “Misericordiae vultus”, якая абвяшчае Год Міласэрнасці. Іх атрымаюць архіпрэсбітэры чатырох папскіх рымскіх базылік, прэфекты трох кангрэгацый, ватыканскія біскупы, якія паходзяць з розных частак свету, і прадстаўнікі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

Цырымонія ўручэння папскага дакументу будзе праходзіць у дзень, які папярэдзіць Нядзелю Божай Міласэрнасці, што адзначаецца – паводле рашэння св. Яна Паўла II з 2000 г. – у другую нядзелю пасля Вялікадня. Яна адбудзецца ў ватыканскай базыліцы падчас Першых Нешпараў. У рамках набажэнства перад так званымі “Святымі дзвярыма” галоўнага каталіцкага храма будуць прачытаны фрагменты папскай булы, а ўся цырымонія завершыцца спецыяльным благаслаўленнем Пантыфіка.

Надзвычайны Святы Год Божай Міласэрнасці Папа абвясціў 13 сакавіка 2015 г. падчас пакутнага набажэнства ў базыліцы св. Пятра. Ён распачнецца ва ўсім Каталіцкім Касцёле ў свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, 8 снежня 2015 г., і будзе доўжыцца да нядзелі Хрыста Валадара Сусвету, 20 лістапада 2016 г.

Нядзелю Божай Міласэрнасці ўстанавіў 30 красавіка 2000 г. св. Ян Павел II неўзабаве пасля абвяшчэння свята апостала гэтай формы пабожнасці – св. Фаустыны Кавальскай. Раней, пачынаючы з 1997 г., свята Божай Міласэрнасці існавала ў Касцёле ў Польшчы. 17 жніўня 2002 г., падчас свайго апошняга падарожжа ў гэту краіну ў Кракаве Папа ўрачыста даручыў свет Божай Міласэрнасці. Ён сам быў беатыфікаваны і затым кананізаваны ў дні гэтай урачыстасці – 1 мая 2011 г. і 27 красавіка 2014 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.