2015-04-10 15:25:00

Кардынал Дзяржсакратар на “Саміце Амерык”


Кардынал Пьетра Паралін прысутнічае на сёмым “Саміце Амерык” – сустрэчы лідэраў краін двух кантынентаў. Двухдзённы форум пачаўся 10 красавіка 2015 г. у Панаме. Ён увойдзе ў гісторыю, як першая рэгіянальная сустрэча, у якой з 1962 г. прымае ўдзел Куба. Знакава і тое, што кардынал Паралін з’яўляецца бліжэйшым супрацоўнікам першага ў гісторыі Папы-лацінаамерыканца. Таксама для Прэзідэнта Панамы, Хуана Карласа Варэлы, “добрага католіка”, была вельмі важнай прысутнасць Святога Пасаду. Ён нават разлічваў на візіт папы Францішка.

Чакаецца, што Панамскі саміт стане гістарычным. Тут павінна адбыцца сустрэча амерыканскага і кубінскага прэзідэнтаў. Ватыканская дыпламатыя і асабіста Пантыфік шмат зрабілі для працэсу збліжэння паміж дзьвума краінамі, вынікам чаго стала снежаньская заява амерыканскага і кубінскага лідэраў, а таксама ўзгаданая прысутнасць і Абамы, і Кастра на “Саміце Амерык”. Менавіта таму кардынал Паралін і адправіўся на форум, нягледзячы на насычаную праграму мерапрыемстваў у Ватыкане, якая ўключае візіты кіраўнікоў дзяржаў і літургічныя цэлебрацыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.