2015-04-09 13:40:00

Малітва за Еўропу прайшла ў Ватыкане


8 красавіка 2015 г. у Ватыкане прайшла малітва за Еўропу, у якой прынялі удзел высокія іерархі Рымскай курыі і дыпламаты акрэдытаваныя пры Апостальскай Сталіцы. Нагодай для яе стала 660-годдзе каранацыі на трон   імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі чэшскага караля Карла ІV. Малітва адбылася ў касцёле пры ватыканскіх Тэўтонскіх могілках, а ініцыятарам яе правядзення выступіла пасольства Чэхіі пры Святым Пасадзе.

Багемскі кароль і, пасля караныцыі ў 1355 г., імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі, Карл IV быў чалавекам сціплым і пабожным. У тагачаснай Еўропе падзеленай з палітычнага пункту гледжання, але паяднаннай супольнай хрысціянскай верай, ён быў элементам яе духоўнай еднасці, адзначыў перад малітвай арцыбіскуп Пражскі кардынал Міраслаў Влк.

“Карл IV пабудаваў сваю імперыю на хрысціянскіх духоўных каштоўнасцях. Ён блізка супрацоўнічаў з Касцёлам у гэтай сферы”, - сказаў чэшскі пурпурат і дадаў, што на гэтых самых каштоўнасцях Еўропа паклікана працягваць аб’ядноўвацца і сёння. Яго думку раздзяліў дэкан Калегіі кардыналаў і Дзяржсакратар Яго Святасці Папы ў перыяд пантыфікату Яна Паўла ІІ кардынал Анджэла Садана. “Еўропа духа павінна дамінаваць над тэхнічнай Еўропай”, сказаў ён.

Прысутны на малітве кардынал Джанфранка Равазі, старшыня Папскай рады па культуры, цытуючы Гётэ, назваў хрысціянства “роднай мовай” Еўропы. “Мы маем розныя культуры, але базавая мова, якой мы выказваемся, мае хрысціянскія сімвалы, матрыцы, рысы і мы павінны нагадваць, што гаворка ідзе пра хвалебную спадчыну, не толькі рэлігійную, але таксама глыбока культурную ў шырокім сэнсе”, - адзначыў ватыканскі пурпурат.








All the contents on this site are copyrighted ©.