2015-04-08 12:25:00

Біскупы і Цэрквы Еўропы заклікалі падтрымаць цыган


Кожная чалавечая асоба створана на вобраз і падабенства Бога, незалежна ад яе мовы і культуры. Такімі словамі пачынаецца супольнае пасланне Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы і Канферэнцыі еўрапейскіх Цэркваў з нагоды Міжнароднага дня цыган, які штогадова святкуецца 8 красавіка.

“Нягледзячы на цяжкасці перажытыя на працягу гісторыі, цыганская меншасць захавала сваю багатую культуру, якая ўключае ў сябе каштоўнасці сямейнага жыцця, любові да дзяцей, веры ў Бога, пашаны да памерлых, захаплення музыкай і танцамі. Мы лічым гэту культуру дарам Стварыцеля, які заслугоўвае павагі і падтрымкі”, - адзначылі аўтары зварота.

Прадстастаўнікі Рады еўрапейскіх епіскапатаў і Канферэнцыі еўрапейскіх Цэркваў нагадалі аб шматлікіх цяжкасцях, якія спадарожнічаюць жыццю сучасных цыган: вербальная недобразычлівасць, беспрацоўе, адсутнасць прафесійнай падрыхтоўкі і як наступства, крайняя беднасць.

“У той жа час, можна заўважыць некаторыя станоўчыя тэндэнцыі ў еўрапейскіх грамадствах. Вырасла колькасць маладых цыган, якія вучацца ў вышэйшых школах і універсітэтах. Расце знаёмства з цыганскім народам і чуллівасць у адносінах да яго”, - падкрэсліваецца ў дакуменце.

У ім утрымліваецца таксама заклік да ўсіх хрысціянскіх Цэркваў спрыяць сацыяльнай інтэграцыі цыган і аказваць ім падтрымку праз адукацыйную працу, медыцынскі клопат, дапамогу прадуктамі, юрыдычнымі і іншага кшталту кансультацыямі. “Просім нашы супольнасці падтрымаць гэтыя ініцыятывы, каб стаць сапраўднымі братамі і сёстрамі асобам, якія знаходзяцца ў патрэбе”, - напісалі члены Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы і Канферэнцыі еўрапейскіх Цэркваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.