2015-04-07 12:54:00

Кардынал Мюлер аб сваёй ролі побач з Папам


Кардынал Герхард Людвіг Мюлер, прэфэкт Кангрэгацыі Веравучэння адзначыў, што дыкастэрыя, якую ён узначальвае, паклікана да “тэалагічнага структурыравання пантыфікату” папы Францішка. Пра гэта ён сказаў у інтэрв’ю французскай газеце “La Croix”. Адно з пытанняў тычылася ролі, якую ён грае побач з актуальным Пантыфікам і адметнасцяў паміж Францішкам і Бэнэдыктам XVI – выдатным тэолагам і былым прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння. “Абранне на Пасад св. Пятра тэолага, як Бэнэдыкт XVI, гэта, хутчэй за ўсё, выключэнне. Таксама і Ян ХХІІІ не быў тэолагам "па-прафесіі". Папа Францішак з’яўляецца больш душпастырам, а Кангрэгацыя Веравучэння мае ў якасці місіі, тэалагічнае структурыраванне яго пантыфікату”, - заўважыў пурпурат.

Кардынал Мюлер падкрэсліў, што высока цэніць досвед папы Францішка – Пантыфіка, які прыбыў з Лацінскай Амерыкі. Ён прызнаўся, што сам часта бываў у гэтым рэгіёне свету і ведае, што сітуацыя, асабліва якая тычыцца беднасці, там абсалютна адрозніваецца ад еўрапейскай. На яго думку, Францішак мае вялікую місію: аб’яднаць увесь свет і дапамагчы пераадоліць сацыяльную розніцу, якая існуе паміж людзьмі на ўсіх кантынентах. “Ён нагадвае, што існуе толькі адно чалавецтва, адна Зямля і ўсеагульная адказнасць”, - сказаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння і дадаў, што гэтай  паўсюднай адказнасці за клімат на планеце, забеспячэнне ўсеагульнага доступу да яе рэсурсаў, будзе прысвечана наступная энцыкліка Святога Айца.








All the contents on this site are copyrighted ©.