2015-04-07 10:58:00

Кардынал Кох аб праблеме ісламізму


Кардынал Курт Кох, старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству заклікаў да дапамогі вернікам, якія падвяргаюцца пераследам. Сёння іх больш, чым у першыя стагоддзі. Гэты факт – аб якім таксама казаў папа Францішак пасля малітвы “Уладарка неба” 6 красавіка 2015 г. – пацвердзіў і ватыканскі пурпурат у інтэрв’ю, апублікаваным на старонках швейцарскага выдання “SonntagsZeitung”.

Кардынал Курт Кох падкрэсліў, што вызнаўцы Хрыста складаюць 80% усіх людзей, якія падвяргаюцца пераследам па прычыне сваёй веры. Такім чынам хрысціянства – гэта самая пераследаваная рэлігія ў свеце.

Ватыканскі іерарх прывёў у прыклад Сірыю, Ірак, а таксама Кенію, дзе ісламістамі былі забіты 150 студэнтаў-хрысціян ва ўніверсітэце горада Гарыса. На яго думку, Еўрапейскі Саюз і Швейцарыя павінны больш рашуча рэагаваць на падобныя сітуацыі. Кардынал Кох не выключыў магчымасці паставак зброі, каб пакласці канец дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі “Ісламская дзяржава”, але заклікаў да большай пільнасці, каб яна не патрапіла ў непажаданыя рукі.








All the contents on this site are copyrighted ©.