2015-04-06 12:56:00

Іракскія вернікі святкавалі Пасху з пасланнікам Папы


Іракскія хрысціяне, аб якіх асаблівым чынам заклікаў маліцца на працягу Пасхальнага Трыдуума Пантыфік, перажывалі велікодныя ўрачыстасці разам са спецыяльным пасланнікам Святога Айца кардыналам Фернанда Філоні, прэфектам Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў. Пурпурат правёў апошні тыдзень сярод тысяч іракскіх бежанцаў-хрысціян, якія сталі ахвярамі насілля з боку тэрарыстычнай арганізацыі “Ісламская дзяржава”. Падчас пасхальнай вігіліі пасланнік Папы маліўся разам з амаль тысячу вернікамі ў намёце-капліцы ў лагеры бежанцаў у Эбрыле, а рэзурэкцыйную Эўхарыстыю цэлебраваў у горадзе Сулейманія ў Іракскім Курдыстане.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё кардынал Філоні распавёў, што запэўніў хрысціян Ірака ў падтрымцы Святога Айца, а таксама правёў перамовы з прадстаўнікамі мясцовых уладаў, вынікам якіх стане паляпшэнне ўмоваў пражывання бежанцаў. Пурпурат выказаў спадзяванне, што наступны Вялікдзень яны змогуць святкаваць у сваіх родных дамах.








All the contents on this site are copyrighted ©.