2015-04-06 12:27:00

Пантыфік: дзяліцца пасхальнай радасцю з бліжнімі


Вера ва ўваскрасенне Езуса і надзея, якую Ён прынёс – гэта самы цудоўны дар, якім хрысціяне могуць і павінны дзяліцца з іншымі людзьмі, сказаў папа Францішак перад малітвай “Уладарка неба” 6 красавіка 2015 г. на плошчы св. Пятра. Святы Айцец заклікаў вернікаў дазволіць таямніцы Уваскрасення заваяваяць і перамяніць іх жыццё.

“У гэты панядзелак пасля Пасхі Евангелле (пар. Мц 28,8-15) прадстаўляе нам апавяданне пра жанчын, якія прыйшлі да магілы Езуса, знайшлі яе пустой і ўбачылі анёла, які абвясціў ім, што Ён уваскрос,– нагадаў Пантыфік. –

У той час як яны беглі, каб прынесці навіну вучням, сустрэлі самаго Езуса, які сказаў: “Ідзіце, паведамце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць” (10). Галілея – гэта “перыферыя” з якой Езус пачаў сваё прапаведванне; і туды накіравалася Евангелле Уваскрасення, каб быць абвешчаным усім і кожны мог сустрэць Яго – Уваскрослага, які прысутнічае і дзейнічае ў гісторыі. Ён таксама і сёння тут з намі, на плошчы!

Такім чынам, вось яно, абвяшчэнне, якое Касцёл паўтарае з першага дня: “Хрыстус уваскрос!”. У Ім, дзякуючы хросту, таксама і мы ўваскрэслі, прайшлі са смерці да жыцця, з рабства граху да свабоды любові. Вось добрая навіна, якую мы пакліканы несці іншымі людзям і ва ўсе асяроддзі, натхнёныя Святым Духам. Вера ва ўваскрасенне Езуса і надзея, якую Ён нам прынёс – гэта самы цудоўны дар, які хрысціянін можа і павінен даць сваім братам. Усім і кожнаму, такім чынам, будзем нястомна паўтараць: Хрыстус уваскрос! Будзем паўтараць гэта словамі, але перш за ўсё сведчаннем нашага жыцця. Радасная навіна Уваскрасення павінна ззяць на нашых абліччах, у нашых пачуццях і паводзінах, у адносінах да іншых.

Мы абвяшчаем уваскрасенне Хрыста, калі Яго святло асвятляе цёмныя моманты нашага існавання і можам дзяліцца ім з іншымі: калі ўмеем смяяцца з тымі, хто смяецца і плакаць з тымі, хто плача; калі крочым побач з тымі, хто ў смутку і рызыкуе згубіць надзею; калі апавядаем пра наш досвед веры тым, хто шукае сэнсу і шчасця. Нашым сведчаннем, нашымі паводзінамі мы абвяшчаем: Хрыстус уваскрос!

Мы знаходзімся ў перыядзе Актавы Пасхі – васьмі дзён – падчас якога нам спадарожнічае радасная атмасфера Уваскрасення. Цікава, што літургія разглядае ўсю Актаву, як адзін дзень, дапамагаючы нам увайсці ў таямніцу, каб яе ласка адбілася на нашым сэрцы і нашым жыцці. Пасха, гэта падзея, якая прынесла радыкальную навіну кожнаму чалавеку, гісторыі і свету: гэта трыўмф жыцця над смерцю; гэта свята абуджэння і перараджэння. Дазволім, каб наша існаванне было заваявана і пераменена Уваскрасеннем!

Папросім Панну Марыю, маўклівую сведку смерці і ўваскрасення свайго Сына, умацаваць у нас пасхальную радасць. Зробім гэта праз малітву “Уладарка неба”, якая ў пасхальны час замяняе “Анёл Панскі”. У гэтай малітве, у якой усклікаецца Аллелюя, звяртаемся да Марыі заклікаючы яе радавацца, бо Той, каго насіла ва ўлонні – уваскрос, як абяцаў і давяраем сябе яе заступніцтву. На самой справе наша радасць – гэта адлюстраванне радасці Марыі, таму што гэта яна захавала і захоўвае веру аб жыцці Езуса. Таму памолімся гэтай малітвай з узрушанасцю сыноў, якія шчаслівыя па прычыне таго, што іх Маці шчаслівая.

Пасля марыйнай малітвы Францішак пажадаў вернікам радаснага і спакойнага велікоднага тыдня. Ён заклікаў памятаць аб важнасці штодзённага чытання евангельскага ўрыўку, у якім апавядаецца аб уваскрасенні Хрыста.








All the contents on this site are copyrighted ©.