2015-04-03 08:58:00

Папа да вязняў: маліцеся, каб я ўсё больш станавіўся слугой


У Вялікі Чацвер, 2 красавіка 2015 г. папа Францішак цэлебраваў Імшу Вячэры Пана ў касцёле “Ойча наш” на тэрыторыі рымскай турмы “Rebibbia”. У святыні змаглі змясціцца каля 300 вязняў. Яшчэ столькі ж зняволеных, паліцэйскіх, валанцёраў, работнікаў пэнітэнцыярнай установы і членаў іх сем’яў назіралі за літургіяй перад касцёлам, дзякуючы ўстаноўленым там вялікім экранам. Разам з мужчынамі ў Імшы прынялі ўдзел 150 жанчын з суседняй, жаночай турмы. 15 з іх былі з дзецьмі.

У сваёй гаміліі Папа нагадаў сабраным, што Езус не перастае іх любіць нягледзячы ні на што. “Езус нас палюбіў. Езус нас любіць. Але без межаў, заўсёды і да канца. Любоў Езуса да нас бязмежная – яна заўсёды большая. Ён не стамляецца любіць нікога. Любіць усіх нас, аж да аддання свайго жыцця за нас, за кожнага з нас. Кожны з нас можа сказаць: Ён аддаў жыццё за мяне.(...) Любоў Езуса ніколі не расчаруе, таму што ён не стамляецца любіць, як не стамляецца і прабачаць, абдымаць нас. Гэта першае, што я хацеў вам сказаць”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што падчас Апошняй вячэры Езус абмыў ногі сваім вучням. Тыя, аднак, не зразумелі гэтага жэсту: у іх эпоху толькі слугі абмывалі ногі людзям, што прыходзілі з вуліцы.

“Гэта вялікая любоў Езуса, які стаў слугой, каб служыць нам, каб аздаравіць нас і ачысціць. Сёння, падчас гэтай Імшы, Касцёл жадае, каб святар абмыў ногі дванаццаці асобам, на ўспамін аб дванаццаці апосталах. Але ў сэрцы мы павінны мець упэўненасць, павінны быць перакананымі, што Пан, калі абмывае нам ногі, абмывае усіх нас, ачышчае нас. Дазваляе яшчэ раз адчуць Яго любоў. У Бібліі ёсць вельмі прыгожыя словы прарока Ісаі: “Ці ж можа забыцца жанчына пра дзіця сваё? Ды каб нават яна забылася, Я не забудуся пра цябе!”. Так Бог нас любіць. І я сёння абмыю ногі дванаццаці з вас. Але ў гэтых братах і сёстрах, усім вам, усім, хто жыве тут”, - сказаў Папа.

Перад тым, як здзейсніць абрад абмывання ног, Францішак папрасіў вязняў маліцца, каб Бог абмыў і яго самаго і каб ён усё больш мог станавіцца для людзей слугой, якім быў Езус.

Сярод  асобаў , якім Папа абмыў ногі, былі зняволеныя з Італіі, Бразіліі, Нігерыі, Эквадора – мужчыны і жанчыны, адна з якіх была з дзіцём. Святы Айцец ў традацыйнай яму манеры не толькі абмываў ім ногі, але і цалаваў іх, а вязні не хавалі сваіх слёзаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.