2015-04-03 14:06:00

Пантыфік прыме ўдзел у Крыжовым шляху ў Калізеі


Падчас разважанняў Крыжовага шляху, які пройдзе 3 красавіка 2015 г. у рымскім Калізеі будуць гучаць словы Шахбаза Бхаці – пакістанскага міністра-хрысціяніна забітага ісламістамі, некаторых Айцоў Касцёла, папы Паўла VI, кардынала Карла Марыя Марціні. У медытацыях, падрыхтаваных Біскупам Навары на пенсіі Рэтана Корці, будуць уздымацца тэмы пераследу хрысціян, гандлю людзьмі, выкарыстання дзяцей у ваенных канфліктах, сучаснага рабства, сексуальных злоўжыванняў у адносінах да непаўналетніх і многія іншыя.

Набажэнства пачнецца ў 21.15 па рымскім часе і будзе працягвацца каля двух гадзін. Тэрыторыя вакол Калізея на працягу усяго дня закрыта для руху транспарту. Тут устаноўлены вялікія экраны. Яны дапамогуць шматлікім вернікам бачыць Папу і групу людзей, якія па чарзе будуць несці крыж. Сярод іх: шматдзетная сям’я, сям’я з усыноўленымі дзецьмі, хворыя, законніцы, грамадзяне Сірыі, Нігерыі, Егіпту і Кітая.

Святы Айцец па традыцыі не ўдзельнічае ў працэсіі, а сочыць за ёй і моліцца каля падножжа Палацінскага пагорку. На заканчэнне набажэнства ён звернецца да сабраных з кароткай прамовай і ўдзеліць сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.