2015-04-02 11:52:00

Кардынал Стэла да святароў: не быць функцыянерамі


Прэфект Кангрэгацыі па справах духавенства кардынал Беньяміна Стэла нагадаў, што святары павінны быць пастырамі, а не “функцыянерамі”. Ватыканская газета “L’Osservatore Romano” апублікавала разважанні пурпурата на тэму святарскай духоўнасці, падрыхтаваныя на падставе аналізу навучання папы Францішка.

У першую чаргу святар павінен заўсёды заставацца вучнем Пана, падкрэсліў ватыканскі пурпурат. Гэта здаецца простым толькі на першы погляд, але патрабуе бесперапыўных адносін з іх адзіным Настаўнікам і пастаяннага паглыблення дасягнутага ўзроўня духоўнасці.

Іншая святарская рыса – клопат аб пастве. “Быццё пастырам – гэта тое, што найбольш характарызуе прэсбітэраў, таксама і ў свядомасці людзей”, - напісаў іерарх.

Святар пакліканы браць на сябе адказнасць за тое, каб прывесці да Пана тых, хто быў яму давераны. “Ён бярэ на сябе цяжар шляху сваіх верных не з халоднай логікай “менеджэра”, які кіруе справамі “прадпрыемства”, але з турботай бацькі, што вяртае дамоў сваіх дзяцей. Такім чынам гаворка ідзе не пра “паўнамоцтва”, якое трэба рэалізоўваць з уладай, ці нават суровасцю, але пра любячы клопат аб тым скарбе Божым, якім з’яўляецца кожны чалавек”, - лічыць прэфект Кангрэгацыіі па справах духавенства.

Кардынал Стэла заклікаў святароў актыўна ўдзельнічаць у справах вернікаў і  быць “прарокамі” сярод іх . Ён указаў на важнасць углядання ў душпастырскі прыклад папы Францішка, які можа дапамагчы пазбегнуць рызыкі сапсутасці, “абуржуазывання”, пераўтварэння ў “функцыянераў” культу і “рамеснікаў” душпастырства, магчыма здатных праводзіць мерапрыемствы і ініцыятывы, але духоўна збяднелых, аддалёных ад людзей і няздольных запальваць радасцю Евангелля.








All the contents on this site are copyrighted ©.