2015-04-01 12:11:00

Тысячы кветак упрыгожаць ватыканскую плошчу


У Ватыкане працягваецца падрыхтоўка да велікодных урачыстасцяў. Грузавы аўтамабіль запоўнены кветкамі, прызначанымі для ўпрыгожвання плошчы св. Пятра, прыбудзе 2 красавіка 2015 г. з Нідэрландаў. Расліны будуць разгружаны ў Ватыканскіх садах, дзе група фларыстаў іх размесціць у адпаведныя вазы і кантэйнеры. На наступны дзень пачнецца іх устаноўка на плошчы.

Па традыцыі загадзя распрацоўваецца план растаноўкі кветак. Імі запаўняюцца шэсць сектараў: алтарная частка, уваход у ватыканскую базыліку, сам алтар, тэрыторыя перад ім, прыступкі, што вядуць у базыліку і лоджыя, з якой Пантыфік удзяляе благаслаўленне “Urbi et Orbi”. За ўпрыгожванне кожнай з гэтых зон адказвае асобны спецыяліст, які каардынуе працу сваіх супрацоўнікаў, пачынаючы ад моманту прывозу кветак аж да апошняй праверкі, якая адбывацца за некалькі хвілін да пачатку ўрачыстай Велікоднай літургіі.

У кожным з сектараў размяшчаюцца розныя кветкі. Напрыклад вакол алтара ўстанаўліваюцца квітнеючыя галінкі слівы, вішні, яблыні і ружовай грушы, кампазіцыі з архідэй, лілій і рагулек розных адценняў белага, якія ствараюць святочную, урачыстую і радасную атмасферу.

На плошчы св. Пятра будзе размешчана каля 10 тыс. чырвоных, ружовых, аранжавых і ружовых цюльпанаў, каля 15 тыс. нарцысаў, традыцыйных белага і жоўтага колераў, каля 400 кустоў эрыкі, 200 кустоў маргарытак і іншыя кветкі.

Традыцыя ўпрыгожвання пасхальных урачыстасцяў у Ватыкане кветкамі і раслінамі з Нідэрландаў узнікла ў 1985 г., калі мясцоваму фларысту Ніку ван дэр Вурту было прапанава ўпрыгожыць ватыканскую плошчу з нагоды беатыфікацыі галандскага святара Ціта Брандсма. Падчас гэтай паездкі ў Рым было заключана пагадненне на падобныя паслугі і на бліжэйшыя пасхальныя ўрачыстасці, якое абнаўляецца штогадова да гэтага часу.








All the contents on this site are copyrighted ©.