2015-03-31 12:38:00

Прызначаны новы прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі


31 сакавіка 2015 г. папа Францішак прызначыў прэфектам Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі кардынала Джузэпэ Версальдзі, які да гэтага часу быў старшынёй Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы. Італьянскі пурпурат змяніў на пасадзе прэфекта дыкастэрыі, адказнай за дзейнасць каталіцкіх навучальных устаноў, кардынала Зянона Грахалеўскага. 75-гадовы польскі іерарх узначальваў Кангрэгацыю Каталіцкай Адукацыі з 15 лістапала 1999 г.  

Кардынал Джузэпэ Версальдзі нарадзіўся ў 1943 г. у Віларбойце, на поўначы Італіі. Ён з’яўляецца спецыялістам у псіхалогіі, антрапалогіі і кананічным праве Касцёла, а таксама аўтарам шматлікіх артыкулаў і кнігі “Хрыстус – узор сужонкаў”. У 2007 г. ён атрымаў біскупскае пасвячэнне і быў прызначаны Біскупам Аляксандрыйскім. З 2011 г. узначальваў Прэфектуру эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы, а ў 2012 г. яму была нададзена кардынальская годнасць.








All the contents on this site are copyrighted ©.