2015-03-31 11:32:00

Святы Пасад пра важнасць клопату аб пажылых


Да адзінства паміж хрысціянамі і джайністамі ў клопаце аб пажылых людзях заклікала Папская рада па міжрэлігійным дыялогу ў пасланні да вызнаўцаў джайнізма, з нагоды свята Махавір-Джаянці – дня нараджэння заснавальніка гэтай старажытнай індыйскай рэлігіі кшатрыя Вардхамана або Джына Махавіра, якое сёлета будзе адзначацца 2 красавіка.

“Няхай святкаванне гэтага дня ўмацуе і абновіць сяброўства і блізкасць паміж індывідуўмамі і сем’ямі, а таксама кансалідуе намаганні накіраваныя на клопат аб усіх жывых істотах, у першую чаргу аб пажылых людзях у сем’ях і супольнасцях, дзеля большага міру, гармоніі і шчасця ў свеце”, - гаворыцца ў пасланні падпісаным кардыналам Жан-Луі Таранам.

У многіх сучасных грамадствах пажылыя, асабліва калі хворыя і самотныя, часта выкідаюцца на ўзбочыну жыцця, разглядаюцца ў якасці праблемы і цяжару, становяцца членамі новай касты “недатыкальных”, канстатуецца ў дакуменце. Грамадствы, у якіх пажылыя пазбаўляюцца ўвагі і клопату, “носяць у сабе вірус смерці” і не маюць будучыні і надзеі.

Папская рада па міжрэлігійным дыялогу заўважае, што пажылыя людзі – гэта галоўныя стаўпы сучасных сем’яў. Яны перадаюць не толькі досвед жыцця і веры, але таксама гісторыі сем’яў і супольнасцяў, з’яўляюцца “скарбамі”, якія павінны быць абароненымі і атуленымі бескарыслівым клопатам. Аб гэтым маральным абавязку кажуць ўсе рэлігіі.

Святы Пасад заклікаў хрысціян і джайністаў, як асобаў ўкаранёных у сваіх рэлігійных традыцыях і якія ўсведамляюць сваю адказнасць перад грамадствам, спрыяць развіццю такой культуры ў якой пажылыя будуць атулены любоўю, павагай і клопатам.








All the contents on this site are copyrighted ©.