2015-03-30 12:14:00

Святы Айцец узначаліць набажэнствы Вялікага Тыдня


Урачыстасць Пальмовай нядзелі на плошчы св. Пятра пад кіраўніцтвам папы Францішка 29 сакавіка 2015 г. распачала святкаванне Вялікага Тыдня ў Ватыкане, галоўныя набажэнствы якога ўзначаліць сам Пантыфік. У Вялікі Чацвер 2 красавіка ў 9.30 у ватыканскай базыліцы ён разам з кардыналамі, патрыярхамі, арцыбіскупамі, біскупамі і святарамі – дыяцэзіяльнымі і законнымі – прысутнымі ў Рыме, будзе цэлебраваць Імшу Хрызма. У другой палове дня пройдзе Імша Вячэры Пана, якую сёлета Папа правядзе ў касцёле “Ойча наш” у рымскай турме “Rebibbia”. Падчас літургіі Францішак здзейсніць абрад абмывання ног групе зняволеных мужчын і жанчын.

У Вялікую Пятніцу ў 17.00 у базыліцы св. Пятра Пантыфік узначаліць Літургію Мукі Пана, а ў 21.15 – набажэнства Крыжовага Шляху ў рымскім Калізеі.

У суботу ў 20.30 у ватыканскай базыліцы Францішак будзе цэлебраваць Пасхальную Вігілію, а на наступны дзень у 10.15 св. Імшу Велікоднай нядзелі. У 12.00 з балкона цэнтральнай лоджыі базылікі св. Пятра ён скіруе сваё благаслаўленне “Urbi et Orbi” і звернецца з пасланнем міру.








All the contents on this site are copyrighted ©.