2015-03-30 13:00:00

Кардынал: магчыма паскарэнне “сужэнскага працэсу”


У Ватыкане ў дадзены момант адбываецца вывучэнне магчымасці і экспертыза шляхоў паскарэння прызнання несапраўднасці сужэнства. Чакаецца, што ў чэрвені дзве камісіі, якія працуюць над гэтым пытаннем, прадставяць свае высновы Пантыфіку, паведаміў кардынал Франчэска Кокапальмерыа, старшыня Папская рады па інтэрпрэтацыі заканадаўчых тэкстаў, у інтэрвю агенцтву “Kathpress”. Гэтыя прапановы будуць таксама прадстаўлены на кастрычніцкім Сінодзе Біскупаў на тэму сям’і. Затым будзе прынята рашэнне, “вельмі верагоднае, і неабходнае”, - сказаў ватыканскі іерарх.
 
Цалкам магчыма, што рашэнне аб прызнанні несапраўднасці сужэнства будзе прымаць толькі суд першай інстанцыі, паведаміў кардынал Кокапальмерыа. На сённяшні дзень аднолькавы вердыкт павінен быць вынесены па меншай меры судамі двух інстанцый. У некаторых выпадках патрабуецца рашэнне трэцяй –звычайна Трыбуналу Рымскай Роты. Кардынал патлумачыў, што гаворка не ідзе аб нейкім “ануляванні” сужэнства, “Касцёл не можа адмяніць сапраўднага сужэнства, але выключна сцвердзіць, што яно з’яўляецца несапраўдным або ніколі не было заключана, калі для гэтага не хапала ўмоў”.
 
Іерарх лічыць, што паралельна з вырашэннем “заканадаўчых” праблем, трэба больш увагі прысвячаць падрыхтоўцы да сужэнства і душпастырству ў першыя гады сямейнага жыцця. Да гэтага ўжо заклікалі ўдзельнікі пазачарговай сесіі Сіноду Біскупаў, якая праходзіла ў Ватыкане мінулай восенню. Паводле кардынала Кокапальмерыа, побач з катэхезай патрэбна суправаджэнне маладых сужэнскіх пар з боку ўдалых і рэалізаваных сужэнстваў.








All the contents on this site are copyrighted ©.