2015-03-29 12:46:00

Святы Айцец маліўся за ахвяраў авіякатастрофы ў Альпах


“Дарагая моладзь, я заклікаю вас працягваць ваш шлях як у дыяцэзіях, так і ў пілігрымцы праз кантыненты, які прывядзе вас у наступным годзе ў Кракаў, на радзіму св. Яна Паўла II, заснавальніка Сусветных дзён моладзі”, - сказаў папа Францішак 29 сакавіка 2015 г. перад малітвай “Анёл Панскі” у Ватыкане. Ён даручыў заступніцтву Маці Божай ахвяраў авіякатастрофы ў Альпах у мінулы аўторак, сярод якіх таксама была група нямецкіх вучняў.

На заканчэнне літургіі Пальмовай нядзелі, спасылаючыся на Сусветны дзень моладзі, заснаваны 30 гадоў таму, які праходзіць сёлета на дыяцэзіяльным узроўні, Францішак спаслаўся на дэвіз кракаўскага форуму: “Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць” (Мц 5,8), і заклікаў моладзь “напоўніцца пяшчотай Айца, каб распаўсюджваць яе вакол сябе”.

Затым Папа звярнуўся да Маці Божай і папрасіў яе, каб дапамагла вернікам перажыць з верай Вялікі Тыдзень. “Таксама і яна прысутнічала, калі Езус уязджаў у Ерузалем сярод радасных натоўпаў. Але яе сэрца, як і сэрца Сына, было гатова да ахвяры. Мы вучымся ад яе, Панны вернай, ісці за Панам, нават тады, калі Яго шлях вядзе на крыж”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.