2015-03-28 13:36:00

Папа напісаў ліст да кармелітаў


Пантыфік скіраваў спецыяльны ліст з нагоды 500-годдзя з дня нараджэння св. Тэрэзы ад Езуса, які стаў нагодай для падзякі “вялікай кармелітанскай сям’і” за “харызмат гэтай выдатнай жанчыны”, што стала прыкладам “поўнай самааддачы Богу”. Св. Тэрэза для Папы, гэта, у першую чаргу, “настаўніца малітвы”. Для яе цэнтральнае месца займала “адкрыццё чалавечай прыроды Хрыста” і імкненне “падзяліцца гэтым досведам з іншымі”, што яна і рабіла яркім, простым, даступным для ўсіх чынам. Малітва для яе была “унутраным дыялогам з Хрыстом”. Святая з Авілы была пераканана ў каштоўнасці няспыннай малітвы, хоць і не заўсёды ідэальнай. Яна пакінула нам канкрэтныя прапановы, спосабы і метады малітвы, нагадаў Францішак. 

Святы Айцец дадаў, што св. Тэрэза была “нястомным камунікатарам Евангелля”, што выражалася ў яе імкненні служыць Касцёлу праз вырашэнне сур’ёзных праблем свайго часу, не абмяжоўваючыся да ролі пасіўнага гледача. Менавіта з гэтага пачалася “Терэзіянская рэформа”, у падставе якой ляжала місійнае вымярэнне Касцёла, чым заўсёды адзначаліся кармеліты.

Св. Тэрэза ведала, што ні малітва, ні місія не могуць існаваць без “сапраўднага жыцця супольнасці”. Такім чынам, асновай, закладзенай ёй у кармелітанскіх кляштарах, было братэрства, шчыльна звязанае з пакорай, якая поўнасцю выключае плёткі, рэўнасць і крытыканства.

Францішак, звяртаючыся да генеральнага настаяцеля Ордэна кармелітаў босых айца Саверыа Каністра, прызнаўся, што гэта супольнасць займае асаблівае месца ў яго сэрцы і пажадаў, каб кармеліты заставаліся вернымі сведкамі радасці і прыгажосці евангельскага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.