2015-03-27 10:45:00

Кардынал Мюлер пра дактрыну і епіскапаты


Спасылка на нацыянальныя канферэнцыі біскупаў для прыняцця пэўных дактрынальных ці дысцыплінарных рашэнняў, якія адносяцца да сужэнства або сям’і, “ідэя цалкам анты-каталіцкая”, лічыць прэфект Кангрэгацыі Веравучэння. Кардынал Герхард Людвіг Мюлер даў інтэрв’ю французскаму штотыднёвіку “Famille Chrétienne”. Ён яшчэ раз пацвердзіў непарыўнасць хрысціянскага сужэнства і выказаў шкадаванне з нагоды ігнаравання каштоўнасці поўнай ўзаемнай ахвяры мужчыны і жанчыны.

Нямецкі кардынал лічыць, што саступка рашэння ў гэтай сувязі епіскапатам “не паважае каталіцкасці Касцёла”. Ён прызнае, аднак, што ў канферэнцый біскупаў ёсць улада ў пэўных выпадках. Тым не менш, яны не ствараюць навучання, якое б адрознівалася ад дактрыны Касцёла або было б незалежным ад Папы ў адзінстве з усімі біскупамі. Такім чынам кардынал Мюлер пракаментаваў прыняты ў снежні 2014 г. большасцю нямецкіх біскупаў даклад Рабочай групы па душпастырстве асоб разведзеных, якія жывуць у новых саюзах. Дакумент выступае за іх допуск, пры пэўных умовах, да сакрамэнтаў Эўхарыстыі і паяднання.

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння спаслаўся таксама на выказванне старшыні Канферэнцыі Біскупаў Германіі, кардынала Рэйнхарда Маркса, што епіскапат не з’яўляецца “філіялам Рыма”. Кардынал Мюлер адзначыў, што такая пазіцыя “пагражае абуджэннем палярызацыі паміж мясцовымі Касцёламі і Паўсюдным”, што імкнуліся прадухіліць два апошніх Саборы. Іерарх перасцярог ад “выкарыстання адносна Касцёла палітычных катэгорый, а не сапраўднай каталіцкай эклезіялогіі”. Рымская курыя – гэта не еўрапейская адміністрацыя ў Брусэлі, ці арганізацыя, якая стаіць над мясцовымі Касцёламі, і для якой біскупы былі б толькі дэлегатамі”, - сказаў кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі ў інтэрв’ю французскаму штотыднёвіку.








All the contents on this site are copyrighted ©.