2015-03-27 13:02:00

Айцец Канталамеса аб таямніцы збаўлення


Сваё апошняе велікапоснае казанне прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса прысвяціў 27 сакавіка 2015 г. хрысціянскай таямніцы збаўлення ў заходняй і ўсходняй традыцыях. Ён нагадаў, што ў Старым Запавеце ўжо прысутнічаюць два асноўных элемента збаўлення: негатыўны і пазітыўны. Першы звяртае ўвагу на адкупленне з грахоў, а другі – на дар новага сэрца і духа. У Новым Запавеце абодва гэтых элемента сустракаюцца ў св. Яна і св. Паўла: Хрыстус прыйшоў, каб вызваліць чалавецтва ад грахоў, смерці, старога абавязку (негатыўны элемент) і даць нам святло, праўду, вечнае жыццё, любоў і надзею (пазітыўны элемент).

Па словах папскага прапаведніка, на хрысціянскім усходзе склалася больш аптымістычнае бачанне збаўлення з яго высокім ідэалам чалавека як вобразу і падабенства Божага, а на захадзе – больш песімістычнае бачанне, якое падкрэслівае грэшнасць чалавека.

І заходняя, і ўсходняя традыцыі вызнаюць адзіны хрост дзеля адкуплення грахоў, але для праваслаўных асноўная мэта хросту – не ў змыцці першароднага граху, а ў вызваленні чалавека ад усіх грэшных сіл, аднаўленні страчанага вобраза Бога. У лацінскай традыцыі, напрыклад, у св. Аўгустына, хрост разглядаецца пераважна як акт вызвалення ад першароднага граху. Нават сёння, калі спытаць сярэднестатыстычнага хрысціяніна, што для яго значыць жыць “у Божай ласцы”, ён амаль заўсёды адкажа: не мець смяротных грахоў. Розніца ў поглядах на хрост добра адлюстроўваецца і ва ўспрыманні Божай Маці. На захадзе яна лічыцца беззаганнай, незаплямленай першародным грахом, а на ўсходзе – найсвяцейшай.

У вачах некаторых праваслаўных аўтараў каталіцкая канцэпцыя збаўлення і хрысціянскага жыцця адрозніваецца амаль па ўсіх пунктах. На усходзе, тэалогія, духоўнасць і містыка складаюць адно цэлае: няма тэалогіі, якая не была б адначасна і містычнай. Праваслаўная пазіцыя грунтуецца на поглядах як тэолагаў, так і духоўных лідэраў, пустэльнікаў, манахаў, містычных аўтараў. На захадзе гэтага не адбылося, наадварот, на змешванне тэалогіі і містыкі глядзелі з падазрэннем.

Але сёння ў Касцёле назіраюцца эпахальныя перамены: пашыраюцца харызматычныя плыні, якія налічваюць дзясяткі мільёнаў вернікаў. Па словах айца Канталамесы, гэта дае новы шанец Каталіцкаму Касцелу і Цэрквам, народжаным пасля Рэфармацыі. Радаснае хрысціянства, у якім няма месца змрочнаму песімізму, дазваляе вярнуць аптымістычны аспект хрысціянскага збаўлення. Папскі прапаведнік не заклікае ўсіх уступаць у гэтыя новыя рухі, але проста адкрыць сваё сэрца Святому Духу. 








All the contents on this site are copyrighted ©.