2015-03-26 14:11:00

Святы Язафат Кунцэвіч


У папярэдніх праграмах мы гаварылі пра палемічную літаратуру, якая ўзнікла напрыканцы 16 – пачатку 17 стагоддзяў на землях Вялікага Княства Літоўскага ў сувязі з падпісаннем Берасцейскай Царкоўнай Уніі. Адным з найважнейшых ўдзельнікаў гэтай палемікі быў святы  Язафат Кунцэвіч.

Полацкі архібіскуп Язафат больш вядомы праз сваю пастырскую дзейнасць і мучаніцкую смерць. Аднак мала хто знаёмы з яго літаратурнай творчасцю, якая, як і ўсё жыццё мучаніка, была накіраваная на абарону еднасці Царквы і выпраўленне жыцця і нораваў яго паствы.

Ян Кунцэвіч (такім было свецкае імя будучага святога) нарадзіўся ва Ўладзіміры Валынскім каля 1580 года. Паходзіў ён з сям’і збяднелага шляхціча, які, не маючы свайго зямельнага надзелу, быў вымушаны займацца гандлем. У  1596 годзе (год падпісання Уніі) – бацькі накіроўваюць Яна ў Вільню да купца Яцынта Паповіча, каб там маладзён вучыўся гандлю.

Аднак юнака больш вабіла не кар’ера гандляра, а духоўнае жыццё манаха. У 1604 годзе, маючы прыкладна 24 гады, Кунцэвіч паступае ў віленскі манастыр св. Тройцы і прымае імя Язафат. Малады манах вызначаўся глыбокім духоўным жыццём і суровай аскезай. У вольны ад манаскіх абавязкаў час Язафат займаўся чытаннем духоўнай літаратуры і перапісваннем кніг. Яго праведнае манаскае жыццё, навука і палымяныя казані прыцягвалі ў манастыр новых маладых паслушнікаў. Важную ролю ў жыцці будучага святога адыграла знаёмства з тагачасным рэктарам віленскай семінарыі Язэпам Вельямінам Руцкім, які хутка стаў мітрапалітам.

Калі манаская супольнасьць Траецкага манастыра ў Вільні павялічылася да 50 манахаў, з’явілася магчымасьць засноўваць новыя манастыры. Язэп Руцкі накіраваў Язафата Кунцэвіча у Быцень непадалёк ад Слоніма. Пад уплывам ераманаха Язафата  прыняў Унію смаленскі кашталян Іван Мялешка. Ён падараваў манахам Жыровічы, дзе была царква з цудатворнай іконай Багародзіцы. Язафат Кунцэвіч стаў заснавальнікам і першым ігуменам Жыровіцкага манастыра. Пасля смерці мітрапаліта Іпація Пацея новым мітрапалітам стаў Язэп Руцкі, а Язафат Кунцэвіч - архімандрытам Віленскага манастыра Святой Тройцы.

Разам з мітрапалітам Язэпам, які распрацаваў статуты Базылянскага ордэна, Язафат Кунцэвіч моцна спрычыніўся да рэарганізацыі ўсходняга манаства ў краі.

У 1617 годзе Кунцэвіч высвячаны на біскупа  Віцебскага  і адначасова заняў пасаду каад’ютара (г. зн. дапаможнага біскупа з правам пераемнасці) полацкага архібіскупа Гедэона Бральніцкага. У канцы 1618 года Язафат стаў полацкім архібіскупам.

Першымі крокамі архібіскупа на новай ніве сталася адраджэнне царкоўнага жыцця: аднаўленне храмаў (у тым ліку Полацкага Сафійскага сабора), заснаванне парафіяльных школ, клопат пра духоўнае аблічча святароў. Адначасова ён паказаў сябе адданым апосталам еднасці Заходняй і Ўсходняй Цэркваў.

Дзейнасць новага архібіскупа выклікала варожасць праціўнікаў Уніі. Жыхары Магілёва не дазволілі яму, як пастыру, нават уступіць у горад. Гэты інцыдэнт стаўся прычынай судовага разбіральніцтва.

Найбольш напружанай барацьба супраць Уніі была ў Віцебску. Пасланцы высвячанага ў 1620 годзе ерусалімскім патрыярхам Тэафанам на архібіскупа Полацкага Мялеція Сматрыцкага падбухторылі віцяблян да непаслушэнства законнаму архібіскупу Язафату. 12 лістапада 1623 года раз’юшаны натоўп віцебскіх праваслаўных рынуўся ў архібіскупскі палац. Уладыка выйшаў ім насустрач са словамі: «Дзеці мае, чаму вы напалі на мой дом?». 

Паводле судовых дакумэнтаў, забойцы двума ўдарамі бердыша рассеклі галаву Язафата, а потым «доўга нявечылі яго і пасля сьмерці». Цела архібіскупа скінулі з Успенскай гары, а затым, прывязаўшы да ног і шыі цяжкія камяні і насыпаўшы камення  ў валасяніцу мучаніка, утапілі ў Дзвіне. Забойцы разрабавалі біскупскі палац, уніяцкія цэрквы і манастыры ды іншую маёмасць у горадзе.

Каралеўскія камісары, якія расследавалі забойства архібіскупа Полацкага, прызналі праўдзівымі паказанні сьведкаў пра тое, што Язафат Кунцэвіч быў забіты бязвінна, і што забойцы не мелі аніякіх падставаў для такога жорсткага злачынства.

Амаль адразу пачалося шанаванне Язафата як святога, а ў траўні 1643 года Полацкі архібіскуп быў далучаны Папам Урбанам VIII да ліку блаславёных. У чэрвені 1867 года Папа Пій IX абвясціў яго святым для ўсёй Каталіцкай Царквы. Мошчы беларускага святамучаніка Язафата Кунцэвіча захоўваюцца ў саборы св. Пятра ў Рыме, каля алтара св. Васіля Вялікага пры паўночна-ўсходнім слупе храма.

Знаёмству з літаратурнай спадчынай святога Язафата Кунцэвіча будзе прысвечана наступная перадача. А сёння я з вамі развітваюся, заставайцеся з Богам!

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.