2015-03-26 14:14:00

Сiмяон Полацкі


Беларускую літаратуру 17 стагоддзя нельга ўявіць без постаці Сімяона Полацкага. Паэт, філосаф, педагог, драматург – вось далёка не поўны пералік талентаў, якімі Бог абдарыў гэтага незвычайнага чалавека. Самуіл Пятроўскі-Сітняновіч (такім было свецкае імя асветніка) нарадзіўся ў Полацку ў 1629 годзе. Адукацыю ён атрымліваў у брацкай школе полацкага Богаяўленскага манастыра, Кіева-Магілянскай і Віленскай акадэміях. У чэрвені 1656 года Сімяон Полацкі прыняў лёсавызначальнае рашэнне, — пастрыгся ў манахі Полацкага Богаяўленскага манастыра.

Першыя літаратурныя спробы асветнік распачаў падчас навучання ў Кіеве і Вільні. У архівах знойдзены раннія творы Сімяона Полацкага, напісаныя пераважна на старабеларускай і польскай мовах, прычым ён карыстаўся як кірыліцай, гэтак і лацінкай.

Пазней ён пісаў у прадмове да збоніка «Рыфмалагіён»:

Писах в начале по языку тому,

Иже свойственный бе моему дому.

Таже увидев многу пользу быти

Славенску ся чистому учити.

Взях грамматику, прилежох читати,

Бог же удобно даде ю ми знати.

Жыццё і творчасць Сімяона Полацкага можна падзяліць на два перыяды: полацкі і маскоўскі. У полацкі перыяд творчасці ён пісаў на беларускай, польскай і лацінскай мовах, ствараў рэлігійныя творы: Акафіст, Канон. Аднак большасць польскіх і лацінскіх вершаў Сімяона Полацкага належаць да г.зв. школьнай паэзіі: гэта вершаваны пераказ тагачаснай універсітэцкай навукі і маральнай тэалогіі. Сярод твораў на гэтую тэму - элегічная малітва пра забранне цудатворнага абраза Багародзіцы з Полацка ў Маскву (1663), «Прылог да прападобнай маці Ефрасінні» (1663), у якіх паэт просіць святую заступніцу Беларусі дапамагчы вярнуць «в страну Полотскую» народ­ную святыню.

Падчас вайны Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай Сімяон прыняў бок апошняй. Свае вершы ён прысвячаў маскоўскаму цару Аляксею Міхайлавічу: прывітаў яго пры ўзяцці Полацка  дэклямацыяй «Мэтры», прысвяціў шэраг віншаванняў з ўзяццем пэўных гарадоў. Тады ж напісаў шэраг палітычна-сатырычных твораў, у якіх высмейваў праціўніка маскоўскага цара шведскага караля Карла X Густава.

Неўзабаве Сімяон Полацкі пакідае радзіму, у 1664 ён пераязджае ў Маскву. Там ён сустрэў цёплы прыём пры царскім двары, атрымаў магчымасць займацца педагагічнай і асветніцкай дзейнасцю. Сімяон Полацкі стаў выхавацелем царскіх дзяцей і актыўна ўдзельнічаў у царкоўнай палеміцы са стараверамі.

Амаль штодзённа ён пісаў палову сшытка вершаў, п'ес, казанняў. Яго царкоўныя «словы»   i   казанні  служылі  падручнікам для рускіх епіскапаў i святароў ніжэйшых званняў. Яны склалі рукапісныя зборнікі Сімяона Полацкага пад назвай «Абед душэўны» i «Вячэра душэўная».

Зборнік вершаў «Вертаград мнагацветны» («Сад шматколерны») на той час быў для маскоўскай публікі сапраўднай энцыклапедыяй ведаў па гісторыі, антычнай міфалогіі, натурфіласофіі, касмалогіі, тэалогіі, маралі i хрысціянскай сімволіцы. Адначасова ў 1678 годзе асветнік падрыхтаваў другі вялікі зборнік сілабічных вершаў «Рыфмалагіён, або вершаслоў», які складаўся пераважна з хвалебных эпіграм, панегірыкаў i элегічных фрэнаў (плачаў), напісаных «на выпадак». Ёсць у ім i буйныя творы новага для Маскоўскага царства драматычнага жанру — «Камедыя прытчы пра блуднага сына» i трагедыя «Пра Навухаданосара цара...». 3 яго драматургіі ў Расіі пачынаўся прафесійны тэатр.

Займаўся Сімяон Полацкі і перакладніцкай дзейнасцю. Ён перакладаў з латыні i польскай мовы, літаратурна апрацоўваў папулярныя тады свецкія i царкоўныя творы. У 1675 ён далучыўся да перакладу на рускую мову Бібліі. Ен быў пачынальнікам таго творчага перакладу, у якім дакладнасць спалучалася з літаратурным майстэрствам. У 1680 годзе ён выдаў «Псалтыр рыфматворную», якая ўяўляла сабой вершаваны пераклад Псалтыры. Семяон пераклаў гэтую кнігу сілабічнымі вершамі. Твор стаў папулярным песеннікам у асяроддзі тагачасных адукаваных людзей.

Філасофскія i эстэтычныя погляды Сімяона Полацкага грунтаваліся на хрысціянскіх духоўных каштоўнасцях у гуманістычнай інтэрпрэтацыі. Ён размяжоўваў «ўнутраную» i «вонкавую» мудрасць, рэлігію i навуку, і імкнуўся да кампрамісу паміж пазнаннем i верай, што было тыповай адзнакай усходнеславянскай барочнай культуры. У цэнтры яго ўвагі заўсёды былі праблемы чалавека i яго маральнае аблічча. Найперш яго цікавіла ўсё, што карысна для душы чалавека. Для паэта духоўныя каштоўнасці заўсёды вышэйшыя за матэрыяльныя. I сама каштоўнасць чалавека, яго прыгажосць залежаць ад таго, які з гэтых пачаткаў пераважае ў штодзённым жыцці — духоўны ці матэрыяльны. Калі духоўны пачатак падпарадкоўвае прыроднае, матэрыяльнае быццё, то чалавек узнімаецца на высо­кую ступень Божай красы. 

Рэлігійная паэзія Сімяона Полацкага з яе біблейскімі вобразамі (“Вершы на Раство Хрыстова», «Вершы пра муку Панскую...», «Вершы на Уваскрэсенне Хрыстова», «Гутаркі пастухоў...», польскія «Вершы ў Вялікую Пятніцу» i інш.) сведчаць пра яго глыбокую веру. А наяўнасць шматлікіх спасылак на антычную культуру, лагічная аргументацыя асветных ідэй i канцэпцый збліжаюць беларускага пісьменніка з дзеячамі еўрапейскай культуры эпохі Адраджэння i барочнага Асветніцтва 17 ст.

Беларус Сімяон Полацкі прынёс у Маскоўскае царства заходнюю філасофію і эстэтыку, высокую кніжную паэзію і мастацтва школьнай драматургіі і зрабіў значны ўнёсак у развіццё рускай культуры.

Сімяон Полацкі памёр раптоўна, на пяцьдзясят першым годзе жыцця. Сваю вялікую бібліятэку ён завяшчаў размеркаваць паміж Маскоўскім Заіканаспаскім, Полацкім Багаяўленскім, Кіеўскім Пячорскім і Брацкім манастырамі. Частка зберажэнняў адпісвалася ім у іншыя ўкраінскія і беларускія манастыры, астатняе прызначалася сваякам і блізкім.

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.