2015-03-26 14:05:00

Мялеці Сматрыцкі


Пачатак XVI стагоддзя на землях Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзіла нашая Радзіма, – гэта перыяд зацятай палемікі вакол ідэі Уніі паміж праваслаўнай і каталіцкай Царквой. У мінулай праграме мы пачалі гаворку пра творчасць Мялеція Сматрыцкага – аднаго з асноўных удзельнікаў гэтай палемікі.

Сёння пагаворым пра тое, якія змены адбыліся ў жыцці Мялеція Сматрыцкага ў 1620 годзе і як са змагара з Вуніяй ён ператварыўся ў яе абаронцу.У 1620 годзе Мялеці Сматрыцкі быў дэлегаваны на сустрэчу з іерусалімскім патрыярхам Феафанам, які, вяртаючыся з Масквы, правёў некалькі месяцаў ва ўсходніх землях Рэчы Паспалітай. У Кіеве Феафан высвяціў 7 новых біскупаў, якія мелі замяніць тых, якія падпісалі Унію. Мялеці Сматрыцкі быў высвячаны на архібіскупа Полацкага, хоць гэты пасад ужо займаў Язафат Кунцэвіч. Сматрыцкі карыстаўся тытулам “арцыбіскуп Полацкі, біскуп Віцебскі і Амсьціслаўскі”, хоць гэткай праваслаўнай епархіі не існавала і на біскупскай катэдры ён ніколі не засядаў. Улады Рэчы Паспалітай палічылі высвячэнні, здзейсненыя без іх згоды падданым варожай дзяржавы, некананічнымі і незаконнымі.

Неўзабаве Мялеці Сматрыцкі быў абраны архімандрытам віленскага манастыра Святога Духа на месца нядаўна памерлага Лявонція Карповіча. На пахаванне Карповіча Сматрыцкі напісаў паэму «Лямент у света убогих на жалосное преставление святобливого... отца Леонтия Карповича». Яна была апублікаваная ў Вільні ў 1620 годзе на старабеларускай мове. Аўтар аплаквае смерць Лявонція, аднак гэты плач перарастае ва ўслаўленне чалавека высокіх маральных якасцей, дзейнага, мужнага і самаахвярнага змагара за веру сваіх продкаў. Заключная частка «Ляманту» мае выразны публіцыстычна-дыдактычны характар: паэт ад імя нябожчыка заклікае жыць сумленна і высакародна, свята берагчы традыцыі свайго народа, перадусім рэлігійныя.

У новай праваслаўнай іерархіі Мялеці Сматрыцкі займаў другое па значэнні месца пасля мітрапаліта. У наступныя гады ён выступаў як галоўны абаронца нез’яднанай праваслаўнай Царквы ў палеміцы пра легальнасць новай іерархіі, што аспрэчвалася ўніяцкім і каталіцкім бокам. У 1621-1623 гадах пісьменнік напісаў шэраг палемічных твораў: «Апраўданне нявіннасці»,  «Абарона апраўдання», «Юстификация нявіннасці».

У той жа час погляды і дзейнасць Мялеція Сматрыцкага давалі падставы ўніяцкім колам лічыць, што ён схіляецца далучыцца да іх. Абодва бакі: уніяцкі і праваслаўны — хацелі мець яго ў сваім лагеры і дамагаліся гэтага, але ніводзін з іх не быў цалкам упэўнены ў лаяльнасці Сматрыцкага.

12 лістапада 1623 года адбылася Віцебская трагедыя – раз’юшаны натоўп закатаваў Полацкага ўніяцкага архібіскупа Язафата Кунцэвіча. Маральную адказнасць за гэтае злачынства прыпісвалі яго нез’яднанаму апаненту – Мялецію Сматрыцкаму. Сматрыцкі быў вымушаны пакінуць краіну, у 1624—1625 гадах ён здзейсніў паломніцтва па Святых мясцінах на Блізкім Усходзе, падчас якога наведаў Ерусалім і Канстанцінопаль. Але вярнуўся Сматрыцкі на радзіму, па словах гісторыка Кастуся Тарасава, “з перакананнем, што праваслаўная Царква заражана пратэстантызмам і унія ёсць дабро”.

Пасля вяртання з паломніцтва Мялеці Сматрыцкі пасяліўся ў Дзермані на Валыні і заняў пасад архімандрыта мясцовага манастыра. Ён падтрымліваў цесныя кантакты з уніяцкім мітрапалітам Язэпам Вельямінам Руцкім, які пераконваў Сматрыцкага да пераходу на Унію. Аргументы мітрапаліта трапілі на добрую глебу, і ў 1627 годзе Мялеці Сматрыцкі таемна, а пасля Сабору 1628 года публічна, прыняў Унію.

Змены ў светапоглядзе Мялеція Сматрыцкага знайшлі адлюстраванне ў палемічным творы «Апалогія», які выйшаў у 1628 годзе. Сматрыцкі пераконваў нез’яднаных праваслаўных прыняць Унію дзеля агульнага міру ў грамадстве. У серыі твораў, напісаных у наступныя два гады («Пратэстацыя супраць сабору», «Паранезіс»,  і «Экзетэзіс), Сматрыцкі палемізаваў як з ідэолагамі праваслаўя, так і са сваімі ўласнымі творамі, напісанымі ў “праваслаўны” перыяд.

Святы Пасад, верагодна, з-за недастатковага даверу да Сматрыцкага, не мог вырашыць, як з ім паступіць і марудзіў з прызнаннем яго біскупства. Кангрэгацыя прапаганды веры прасіла мітрапаліта Язэпа Руцкага пацвердзіць шчырасць прыняцця Уніі Сматрыцкім, што мітрапаліт і зрабіў. Нарэшце, 5 траўня 1631 года, Папа Урбан VIII прызнаў біскупскую годнасць Мялеція Сматрыцкага.

Апошні рукапіс Сматрыцкага, які захаваўся, – гэта вялікі ліст да папы Урбана VIII, напісаны 16 красавіка 1630 года, дзе ён прапаноўвае радыкальныя сродкі вырашэння веравызнаўчых канфліктаў у Рэчы Паспалітай. Пісьменнік лічыў, што кароль і духоўныя ўлады павінны схіліць шляхту да ліквідацыі ў сваіх уладаннях цэркваў і манастыроў, якія не прынялі Унію. Адначасова Сматрыцкі пераконваў Папу ў неабходнасці забараніць русінам пераходзіць на лацінскі абрад з грэцкага.

Праз тыдзень мы працягнем гаворку пра палеміку вакол Берасцейскай царкоўнай Уніі, а на сёння я з вамі развітваюся.

Айцец Андрэй Крот








All the contents on this site are copyrighted ©.