2015-03-26 11:15:00

Кардынал: трэба сур’ёзна ставіцца да пагроз ісламістаў


Пагроз ісламістаў у бок Рыма і Ватыкана не варта недаацэньваць, лічыць кардынал Герхард Людвіг Мюлер. “Трэба прыняць іх усур’ёз”, - сказаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння ў інтэрв’ю нямецкай газеце “Rheinischen Post”. На яго думку, яшчэ больш трывожыць хваля высылкі і забойстваў хрысціян на Блізкім Усходзе і ў іншых частках свету. “Я не ведаю, адкуль бярэцца настолькі нізкая адчувальнасць да гвалту ў дачыненні да паслядоўнікаў Хрыста”, - сказаў нямецкі іерарх.

Спасылаючыся на Сінод Біскупаў, які пройдзе ў кастрычніку ў Ватыкане, кардынал адзначыў, што не варта чакаць простага “так” з боку Касцёла для патрабаванняў лібералізацыі дактрыны на тэму хрысціянскай этыкі і допуску да сакрамэнтаў разведзеных католікаў, што жывуць у несакрамэнтальных саюзах. Іерарх супраць хрысціянства ў версіі “лайт”. “Таму, хто не верыць у вечнае жыццё, Касцёл не можа проста сказаць: “Няважна як верыш, галоўнае, што часам робіш нешта добрае”, - сказаў ён і дадаў, што Касцёл не павінен прапаноўваць людзям “разбаўленай” веры або падаваць руку секулярызаванаму духу часу.

Кардынал выказаўся на карысць захавання цэлібату, заснаванага на даўняй традыцыі і тым факце, што сам Езус жыў у гэтым стане. “Я не бачу якіх-небудзь важкіх прычын, па якіх Касцёл павінен быў бы адысці ад гэтай традыцыі”, - сказаў ён.

На думку прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, “адзінства Касцёла з’яўляецца вялізнай каштоўнасцю, якая павінна быць абаронена”. Ён абверг чуткі, што ў Ватыкане нібыта існуе нейкі супраціў адносна Францішка. “Вернасць Наступніку св. Пятра з’яўляецца неабходнай умовай для ажыццяўлення функцыі, якую я выконваю”, - сказаў кардынал Мюлер і дадаў: “Мы даём ад сябе ўсё самае лепшае, каб падтрымаць Папу ў тым, што тычыцца дактрыны веры”.








All the contents on this site are copyrighted ©.